Свята вулічнага мастацтва пройдзе ў Віцебску

Пад захад бабінага лета, у восеньскія дзянькі, якія яшчэ ў стане абдарыць сонечным святлом, а не толькі шэрым дожджыкам, у Віцебску плануецца імпрэза з удзелам маладых мастакоў, неадрыўных ад паняцця "вуліца".

Яшчэ месяц таму, калі набіраўся склад удзельнікаў, абмалёўвалася агульная канцэпцыя і шукаліся шляхі для рэалізацыі задуманага, перад арганізатарамі паўстала раптоўная праблема, якая ледзь не перакрэсліла на самым старце ўсе патугі і задумы: у Віцебску не аказалася ўзроўневых стрыт-арт майстраў. "Горад мастакоў", радзіма Пэна і Шагала, уладальнік мастацкіх факультэта, музея, цэнтра сучаснага мастацтва не ў стане забяспечыць героямі мерапрыемства ў такім сусветна папулярным кірунку культурнага самавыяўленне, як графіці. З гэтай прычыны фармат вулічнага свята вырас з мясцовага да рэспубліканскага, а ўдзельнікаў прыйшлося запрашаць з усёй краіны. Менск, Гомель, Наваполацак, Берасце – маладыя мастакі дасылалі свае эскізы і выявы ранейшых "шэдэўраў" з розных куткоў Беларусі, а арганізатары супаукойвалі сябе: "Не знайшлі мясцовых, то мо навучым?".

З прыцэлам на штогадовы фармат, свята вулічнай культуры "Гравітацыя" займела і сёлетнюю канцэпцыю. З прычыны таго, што графіці стала звыклай нормай еўрапейскай (ці нават лепей – атлантычнай) штодзённасці, прыкметай заходняй цывілізацыі, артэфактам, які лучыць культурную прастору па-над усім кантынентам, арганізатары вырашылі прымусіць абывацеля паразважаць над месцам Беларусі ў гэтым кантынентальным кантэксце. Агульным канцэптам для стрыт-арт свята стане просты і ёмісты выраз: "Еўропа ТУТ!". Менавіта ў рэчышчы гэтай тэматыкі былі распрацаваныя эскізы малюнкаў для будучага іх выяўлення на вялізных аркушах ДВП у ратушным дворыку.

Вулічнай дзее, што распачнецца а другой гадзіне, будзе папярэднічаць урачыстае адкрыццё выставы ў сценах Мастацкага музея. Тут будуць сабраныя ўзоры таго, як тэхніка вулічнага мастацтва можа ўвасабляцца больш камерна і тыпова: у фатаздымках, графіцы, жывапісе.

Агулам на імпрэзе праявіць сябе трынаццаць "Герояў Гравітацыі", прычым гэта будуць не толькі мастакі (Ноль, Egas85, Tame69, Gear, The Muk, Cowek, Izum, Kirhr, Макс Казакоў, Kuzya), але і музыкі і ды-джэі: Traffaret, 33, JrD. Пасля адпрацоўкі арт-паншчыны, удзельнікі працягнуць свята вуліцы на канцэрце гурта Каста, які 26 верасня мае адбыцца у віцебскім клубе "Энергія", а таксама на афтэпаці ў тым жа самым клубе.

Ажыццяўленне такога праекта было б немагчымым без партнёрства і дапамогі шматлікіх сяброў "Гравітацыі". Суполка Vitebsk4.me, якая фактычна сталася натхняльнікам і арганізатарам мерапрыемства, найперш ўдзячная Ўсебеларускай грамадскай кампаніі "Будзьма Беларусамі!", без удзела якой свята было б немагчыма ўжо на стадыі планаў.

Як заўсёды з намі інфармацыйны партал "Народныя навіны Віцебску", прадусарскі цэнтр NoLogoPromo ды крэатыўная I-KRA.

Агульны расклад мерапрыемства наступны:
26 верасня 2009 г., субота,
13:30 Адкрыццё street-art выставы. Віцебскі мастацкі музей (пл. Свабоды)
14:00 - 18:00 Графіці-экшн і музыка на вольным паветры. Задні двор Ратушы (вул. Леніна, 36)
19:00 - ??:?? Гасцяванне Герояў "Гравітацыі" на канцэрце гурта КАСТА і начным афтэпаці. Клуб "Энергія" (вул. Панковай, 2).

Дадатковая інфармацыя па тэлефоне +375297162880.
Чакаем усіх і кожнага!


Меткі: , , ,

Падобнае

    Каментаваць