ХК “Віцебск” перамог брэстчан

Учора ўвечары на віцебскай лядовай арэне мясцовыя хакеісты зкрыжавалі клюшкі з аўтсайдэрам чэмпіяната Беларусі – камандай “Брэст”. Дружыны разышліся з лікам 3:2.
Сустрэча праходзіла ў напружанай барацьбе. Ініцыятыва гульні пераходзіла ад аднаго клуба да другога. Напачатку другой хвіліны першага перыяда госці ўжо павялі ў ліку. На дзесятай хвіліне, гуляючы ў значнай большасці, капітан віцебскага калектыва Васіль Паланіцкі адквітаў прапушчаную шайбу. Праз пяць хвілін Ягор Цурыкаў меў магчымасць вывесці сваю каманду наперад, але на яго ўдары паблізу варот выдатна рэагаваў галкіпер брэстчан Сяргей Рагоўскі.
Другі перыяд распачаўся млявай гульнёй калектываў, нібыта лік на табло задавальняў каманды. Нечакана для гасцей сустрэчы і віцебскіх заўзятараў пасля перадачы Сяргея Голубева ад сіняй лініі суперніка Антон Пульвер нанёс удар, які завяршыўся ўзяццем варот гасцей. Прапушчаная шайба вымусіла брэстчан узяць на сябе ніцыятыву гульні. Шостая хвіліна другога перыяда ўвянчалася поспехам для брэсцкага клуба пасля абыгрывання абароны віцябчан Зміцерам Гарбуновым. Націск гасцей на пэўны час спыніўся пасля ўдалення іх абронцы. Напрыканцы гэтага перыяда варатар віцябчан Міхаіл Шыбанаў зноў быў вымушаны ўступаць у барацьбу.
Пасля перапынку гульня ўжо праходзіла пад дыктоўку гаспадароў пляцоўкі. Зафіксаваў ўзяцце варот Сяргея Рагоўскага галоўны суддзя матча толькі пасля ўдара лепшага бамбардзіра віцябчан Кастуся Няміркі, якога абарона брэсцкага клуба пакінула аднаго перад сваімі пустымі варотамі.
Перамога над “Брэстам” дазволіла віцебскім “мядзведзям” узняцца на 5-ы радок у турнірнай табліцы.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ