“Віцебск” стаў на радок вышэй у табліцы

Учора ўвечары на сваім полі віцебскія футбалісты прымалі гасцей з Гродна. З лікам 2:1 “Нёман” саступіў віцебскаму калектыву. На працягу ўсёй гульні перавагай валодалі гаспадары поля. Яны стварылі шмат галявых і цікавых момантаў ля варот суперніка, але каб завяршаць іх, не хапала майстэрства і фарта.
Распячатаў вароты гарадзенцаў на 9-й хвіліне першага тайма мацнейшым ударам ад лініі штрафной гасцей паўабаронца віцябчан Аляксандр Кобец. Праз 7 хвілін гарадзенцы, скарыстаўшыся памылкай віцябчан, учынілі ”пажар” ля варот Юрыя Васюціна. Некалькі ўдараў у створ варот бела-сініх вымушаны былі парыраваць як галкіпер мясцовага клуба, так і абаронцы. Здавалася, небяспека ад варот віцябчан адведзена, але пасля падачы ўглавога Зміцер Каваленка зраўняў лік. У сярэдзіне першага тайма неблагі момант меў нападаючы “Віцебска” Уладзімір Шакаў, які выйшаў сам-насам з галкіперам гарадзенцаў. Мяч пасля яго ўдару прайшоў вышэй варот. Напачатку другога тайма атаку бела-сініх завяршыў поспяхам гулец гасцей, які няўдала выбіў мяч са сваёй варатарскай зоны.
Пасля гэтага матча ФК “Віцебск” з 11-га месца ўзняўся на 10-е.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць