Віцябляне на “Бітве тытанаў”

Учора на ОНТ адбылася прэм’ера новага міжнароднага праекта гэтага тэлеканала “Бітва тытанаў”. Запіс шоў прайшоў сёлета ў ліпені ў Францыі. Праект стаў працягам мінулагодняй “Бітвы гарадоў”, у якой удзельнічалі шэсць каманд абласцей Беларусі і пераможцам якой стала каманда Віцебска. На гэты раз супернікамі нашых землякоў сталі краіны – Кітай, Расія і ЗША.
“Бітва тытанаў” – гэта шмат розных экстрэмальных, дынамічных і азартных конкурсаў. Некаторыя з іх смешныя, а некаторыя – рызыкоўныя. Асабліва небяспечныя тыя, у якіх на пляцоўку да спартсменаў выходзяць быкі. Многія выпрабаванні да таго ж траўматычныя.
У склад беларускай каманды ўвайшлі як шматлікія зоркі – спевакі Ларыса Грыбалёва, Аляксей Хлястоў, Дмітрый і Георгій Калдуны, Анатоль Ярмоленка і Алеся, Вера Карэтнікава, “Міс Беларусь-2008” Вольга Хіжынкова, алімпійскі чэмпіён па веславанню Аляксандр Багдановіч, гіравік і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса Вячаслаў Харанека, так і звычайныя людзі, напрыклад, старэйшы інструктар-метадыст Віцебскай СДЮШАР Юлія Сафонава-Курч. Капітан каманды таксама віцяблянін – Уладзімір Валадзько. Сярод расійскіх зорак – Дзіяна Арбеніна, Ксенія Сабчак, Лайма Вайкуле і інш. Вядучыя праграмы – Люся Лушчык і Дзіма Танковіч.
Каманда якой краіны выйдзе пераможцам, пакуль трымаюць у сакрэце. Аднак, мяркуючы па першаму выпуску праекта, наша каманда выступала вельмі дастойна. Тк, па выніках першага этапу спаборніцтваў беларусы па колькасці балаў, набраных у шэрагу конкурсаў, занялі другое месца пасля каманды Кітая.
Традыцыя падобных міжнародных спартова-забаўляльных гульняў нарадзілася ў Францыі яшчэ ў 1962 годзе. Ідэя стварэння вясёлых спаборніцтваў належыць былому прэзідэнту гэтай краіны Шарлю дэ Голю. Такім чынам ён жадаў аб’яднаць моладзь Еўропы і замацаваць сяброўства паміж яе гарадамі.
У эфіры ОНТ пакажуць яшчэ 9 выпускаў “Бітвы тытанаў”. Наступны – у нядзелю, 11 кастрычніка, у 18.45.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць