У новым сезоне коласаўцы збіраюцца ставіць у асноўным класіку

16 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новага, 84-га, сезона. Як заўжды, пакажуць “Несцерку”. А пасля гледачоў чакае новая дзея – узнагароджанне пераможцаў унутрытэатральнага конкурса выканаўцаў лепшых мужчынскіх і жаночых роляў.
Сёлета імі сталі Алена Ганум (адзначана за лепшую жаночую ролю ў спектакле “Дадому”), Яўген Бераснеў (за лепшыя мужчынскія ролі ў спектаклях «Кракаўскі студэнт» і «Нельга нам без сябра», а таксама Максім Фралоў, Павел Давыдоўскі і Ніна Обухава – за лепшыя ролі другога плана.
Што тычыцца творчых планаў, то ў новым сезоне коласаўцы плануюць прадставіць шэсць прэм’ер. Першая з іх – камедыя становішчаў «О-ля-ля!» («Вось табе і Ганна!») па п’есе Марка Камалеці ў пастаноўцы Юрыя Лізянгевіча, адбудзецца ўжо 18 кастрычніка. Да Новага года ці крыху пазней павінен выйсці спектакль “На ўсякага мудраца хапае дурасці” па Аляксандру Астроўскаму (рэжысёр Рыд Таліпаў).
Пазней віцебскіх гледачоў чакаюць пастаноўкі: «Вечар беларускіх вадэвіляў» па творах Міхася Чарота, Леапольда Радзевіча, Янкі Купалы (рэжысёр Міхась Краснабаеў), «Вельмі простая гісторыя» Марыі Ладо (рэжысёр Юрый Лізянгевіч), «Квартэт» Рональда Харвуда (рэжысёр Рыд Таліпаў) і «Кабала святош» па Міхаілу Булгакаву (рэжысёр Валерый Анісенка).

Меткі: ,

Чытайце яшчэ