“Нафтан” не здолеў заваяваць бронзу

Спартовая ўдача, на жаль, абыйшла ўчора наваполацкі “Нафтан”, які быў адным з галоўных прэтэндэнтаў на трэцяе месца ў 19-м чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. Наваполацкі клуб прайграў у гасцях брэсцкаму “Дынама” (0:2) і ў выніку заняў чацвёртае месца ў турнірнай табліцы (38 ачкоў).

У складзе берасцейцаў адрозніліся Васілюк (на 26-й хвіліне) і Козак (на 28-й). Падчас сустрэчы быў выдалены абаронца “Нафтана” Верхаўцоў.

Бронзавым прызёрам чэмпіяната стаў магілёўскі “Днепр”, які набраў 40 ачкоў. Срэбра – у мінскага “Дынама” (50 ачкоў), а прадказальнае золата – у барысаўскага БАТЭ (62 ачкі). Аднолькавую колькасць ачкоў (38) наваполацкі “Нафтан” падзяляе з “Дынама” (Брэст) і “Шахцёрам” (Салігорск).

Вышэйшую лігу пакінулі мікашэвіцкі “Граніт”, ФК “Смаргонь” і ФК “Гомель”. Між іншым, лепшым бамбардзірам сёлетняга чэмпіяната краіны названы бразільскі легіянер гомельскай каманды Каліжуры Майкан, які забіў 15 мячоў.

У наступным сезоне ў вышэйшым дывізіёне будуць гуляць 12 каманд замест сёлетніх 14-ці. Трох аутсайдараў гэтага чэмпіяната заменіць лепшая каманда першай лігі – бабруйская “Белшына”.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць