ХК ”Віцебск” перамог “Юнацтва-Мінск”

Тры ачкі ў нялёгкай барацьбе здабыў у сябе дома ХК ”Віцебск” – з лікам 2:1 каманда перамагла сталічнае “Юнацтва”. Няблага выглядалі ў гэтай сустрэчы віцебскія хакеісты ня гледзячы на тое, што ім супрацьстаяла моцная каманда.

Аднак у гэтай баталіі было нялепшае судзейства, рэферы з Украіны Алег Лускань заплюшчваў вочы на шматлікія парушэнні правілаў з боку сталічнай каманды.

На 36-й хвіліне мясцовых заўзятараў, як і хакеістаў, засмуціў Алег Цімчанка, які ўдала завяршыў атаку гасцей. Праз хвіліну Аляксей Абакумчык зраўнівае лік і вяртае надзею на перамогу віцебскім аматарам. Неблагую магчымасць забіць шайбу ў другім перыядзе меў Яўген Каштанаў, але ягоны ўдар адбіў варатар гасцей Сяргей Шабанаў.

На 46-й хвіліне, гуляючы ў большасці, лепшы бамбардзір сіне-белых Кастусь Нямірка робіць лік 2:1. У сярэдзіне апошняга перыяду абаронца мінчан Алег Лявонцьеў распачаў бойку з нападаючым віцябчан Яўгенам Каштанавым. На трыбунах паводзіны гульца гасцей выклікалі масавае незадавальненне, якое выказвалася крыкам “Бей сталіцу!” У сваю чаргу адміністрацыя Палаца спорту ўвяла на трыбуны дадатковую ахову і міліцыянераў для падтрымання правапарадку.

Больш чым за хвіліну да канца гульні мясцовы клуб вымушаны быў застацца ў меншасці, а галоўны трэнер гасцей замяніў варатара шостым палявым гульцом. Але віцебскія хакеісты, як і аматары, вытрымалі гэты націск і разам адлічвалі апошнія секунды матча.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць