Пасланне на Раство Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы! У дні Раства Хрыстовага мы з асаблівай яснотай усведамляем, што нараджэнне ў чалавечым свеце Госпада нашага Іісуса Хрыста — гэта свята вялікага асвятлення чалавечага роду Святлом Ісціны.

Чаму ў нашай мове слова «ісціна», як і слова «святло», звычайна не ўжываецца ў множным ліку? Таму што яна не бывае дваістай, бо Ісціна — заўсёды ад Бога. Гэта аб праўдзе кажуць, што яна, маўляў, у кожнага свая. І таму разнадумствы і супярэчнасці раздзіраюць чалавечую супольнасць, нібы старую шату.

У Растве Сына Божага Іісуса Хрыста ажыццявілася шматвекавая мара людзей, якая задоўга да гэтай падзеі была прадказаная ў Псалтыры: «Міласць і ісціна сустрэнуцца, праўда і мір пацалуюцца, — абвяшчае Старазапаветнае Пісанне, — ісціна ўзнікне з зямлі, і праўда прыхіліцца з неба» (Пс. 84: 11—12).

Праўда Божая прыхілілася з неба ў дзень Дабравешчання Вечнадзевы Марыі, і Бажэственная Ісціна ўзнікла з зямлі — з Віфлеемскай пячоры, у якой, паводле сведчання Ангела Гасподняга мясцовым пастухам, «нарадзіўся… у горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2: 11).

Упершыню прароцтва пра Святло, Якое прыходзіць у свет, запісаў прарок Ісаія, якога нараклі cтаразапаветным евангелістам: «Народ, які ходзіць у цемры, убачыць святло вялікае; на тых, што жывуць у краіне ценю смяротнага, святло заззяе» (Іс. 9: 2).

І тут прыгадваюцца словы аднаго з псалмоў, якія апісваюць стан некалі паланёнага народа: «Яны сядзелі ў цемры і цені смяротным, скаваныя горам і жалезам; бо не былі пакорнымі словам Божым і не дбалі пра волю Усявышняга» (Пс. 106: 10—11).

Калі мы будзем сумленнымі ў адносінах да саміх сябе, то непазбежна зразумеем, што і нашым продкам, і нашым сучаснікам, ды і нам самім знаёмы такі «скаваны» стан душы і розуму, калі забываецца Ісціна, калі выганяецца Бог, калі заглушаецца сумленне, якое ёсць не што іншае, як голас Божы ў душы кожнага чалавека.

Сёння, у дзень святкавання Раства Хрыстовага, давайце нагадаем адзін аднаму пра ісціннае значэнне і змест таго, што мы называем «асветаю». Навучаючы нашых дзяцей асновам навук і павышаючы ўзровень сваіх ведаў, мы добра робім. Але калі мы не дбаем пра сумленне і пра такія асноватворныя каштоўнасці сусветнай цывілізацыі, як любоў да Бога і любоў да бліжняга, — мы далёкія ад ісціннага разумення таго, што ёсць адукаваны чалавек.

Цэлая эпоха ў гісторыі еўрапейскай культуры была названа «эпохай Асветніцтва». Але гэта быў таксама і час саманадзейнага і спакуслівага адмаўлення вучонага розуму ад Бажэственнай Ісціны, час ганенняў, узнятых супраць Госпада Іісуса Хрыста, супраць Евангелля любові і супраць Божага Закону жыцця.

Менавіта тады веды і розум пачалі супрацьпастаўляць веры і сэрцу, нібы яны — непрымірымыя ворагі. І што ж спарадзіла гэтая ганарлівая эпоха? Не, не росквіт народаў, не мір і не дабрабыт. Яна выклікала да жыцця такія грамадзянскія смуты і кровапраліцці, такія войны і гістарычныя катастрофы, якія дагэтуль адгукаюцца злавесным рэхам у розуме людскім.

Страшны вопыт перажывае чалавек, назапасіўшы многія веды, валодаючы прагрэсіўнымі поглядамі і шырокімі практычнымі навыкамі, — але не асветлены святлом Бажэственнай Ісціны. Раней ці пазней ён усведамляе, што ён не свабодны, што ён скаваны адзінотай і безвыходнасцю, што ён пакрыты ценем забыцця, і навокал — пустэча…

Да самых глыбінных сховаў чалавечага сэрца звернута евангельскае пытанне Хрыста Збаўцы: «Дык вось, калі святло, якое ў табе, — цемра, тады якая ж сама цемра?» (Мф. 6: 23). І калі чалавек паспрабуе сумленна адказаць свайму Творцу і самому сабе на гэтае пытанне, то ён абавязкова пажадае сапраўднай, паўнавартаснай, ісціннай асветы.

Дык з чаго ж яна складаецца — асвета чалавека, нацыі, усяго чалавечага роду? Яна складаецца з таго, каб «даць зразумець народу… спасенне ў прабачэнні грахоў»; у тым, каб «асвятліць тых, што сядзяць у цемры і цені смерці, скіраваць ногі… на шлях міру» (Лк. 1: 76—80).

Гэтае азначэнне належыць свяшчэнніку Захарыі, які прамовіў яго над сваім нованароджаным сынам Іаанам — будучым Прарокам, Прадцечам і Хрысціцелем Господнім. І калі прайшло шэсць месяцаў пасля прамаўлення гэтых слоў, тады зімовай ноччу ў горадзе Давідавым, у пячоры для авечага статку, Тварэц асвятліў свет Раством Сына Божага — Сына Чалавечага, Богадзіцяці Іісуса.
І з той пары, паводле слова апостала і евангеліста Матфея, які сведчыць пра здзяйсненне старажытных прароцтваў, «народ, што сядзіць у цемры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзіць у краіне і цені смерці, заззяла святло» (Мф. 4: 14—16).

Узлюбленыя браты і сёстры! Мы шмат разважаем і гаворым пра тое, як правільна выхаваць разумных і добрых дзяцей, як лепш укласці ў малады розум патрэбныя і карысныя веды. І калі гэтая задача больш менш вырашаная, нас асабліва хвалюе праблема таго, каб усе гэтыя назапашаныя скарбы не сталі для іх цяжарам, мёртвым у сваёй бясплоднасці.

І тут хрысціяне пакліканы нагадаць сваім словам і справай, сваёю працаю і ўсім жыццём сваім, што толькі ў Святле Бажэственнай Хрыстовай Ісціны пасеяныя зярняты сагрэюцца, і прарастуць, і распусцяць лісце, якое ўсцешыць сэрца, і прынясуць добрыя плады.
«Святло Хрыстова асвятляе ўсіх»! Менавіта хрысціяне ў гэтым свеце пакліканыя быць светачамі, каб асвятляць шлях ісціны і жыцця Святлом Хрыста Спасіцеля.

Так, разважаючы пра падзеі больш як двухтысячагадовай даўніны, мы думаем пра сябе, пра сучаснае грамадства, пра нашую асабістую і агульную гісторыю. І сёння, калі мы ўступілі ў новы год грамадзянскага летазлічэння, мы з радасцю пераконваемся, што шматвекавы летапіс нашага гістарычнага быцця не перарваўся. Ён бачна прысутнічае ў цяперашнім часе, і мы працягваем яго напісанне — тут і цяпер.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня перанясення з Кіева ў Полацк мошчаў святой апякункі Белай Русі прападобнай маці нашай Еўфрасінні. Прыгадаем, што гэтай гадавіне на працягу двух дзесяцігоддзяў папярэднічала адраджэнне самой Полацкай абіцелі, аднаўленне духоўнага сімвала беларускай зямлі — Крыжа прападобнай Еўфрасінні, выраб сярэбранай ракі для яе святых мошчаў, адкрыццё фрэсак у храме XII стагоддзя, перад якімі Прападобная праводзіла ў малітве да Бога сваё жыццё, і, нарэшце, добраўпарадкаванне і росквіт самога горада Полацка.
У наш час усё гэта і многае іншае з’яўляецца працягам той асветніцкай дзейнасці, якую князёўна ігумення пачала восем стагоддзяў таму. І гэтая місія неад’емная ад Святой Царквы, якая паклікана ўсімі сіламі трымацца запавету свайго Заснавальніка і Галавы Госпада Іісуса Хрыста: «Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага Нябеснага» (Мф. 5: 16).

Замыкаючы ланцужок гістарычных падзей не толькі XX стагоддзя, але ўсіх васьмі стагоддзяў, што прайшлі з часу зямнога служэння прападобнай Еўфрасінні, нам належыць здзейсніць успамін яе вялікага шэсця з Кіева ў Полацк, якое асвяціла землі братніх народаў напярэдадні іх вогненных выпрабаванняў.

Вяртаючы ў наша сучаснае жыццё людскія імёны і дзеянні мінулых дзён, мы аддаём нашым продкам і папярэднікам даніну ўдзячнай памяці. І разам з тым мы прымаем на сябе паўнату духоўнай адказнасці за цяперашнія і будучыя часы. Таму надыходзячае святкаванне 100 годдзя вяртання прападобнай Еўфрасінні ў Полацк звернута не толькі ў мінулае, але, перш за ўсё, — у будучыню нашых маладых і юных пакаленняў, у Жыццё Вечнае, дзе «ўсё і ва ўсім Хрыстос» (Кол. 3: 11).

Вось чаму сёння, у дні святкавання Ратва Хрыстовага, мы адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам паўтараем словы старажытнага Псалтыра, скіраваныя да Збаўцы, Які прыходзіць у свет: «У Цябе крыніца жыцця; у святле Тваім мы ўбачым святло» (Пс. 35: 10). Амінь.

Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Раство Хрыстова,
2009 / 2010 г.,
Мінск

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ