ХК “Віцебск” папоўніў ачкамі свой багаж

Сённяшняя перамога “мядзведзей” на выездзе над наваполацкім клубам "Хімік-СКА" з лікам 2:0 дазволіла ім больш мацней замацавацца на восьмым радку.

Абедзьве шайбы ў вароты навапалачан “сіне-белыя” накіравалі ў другім перыядзе. На першай хвіліне другога адрэзка матча пасля перадачы Васіля Паланіцкага Арцём Гнідэнка вывеў сваю каманду наперад. Не ўпусцілі віцябчане ў гэтым перыядзе і адзіную магчымасць разыграць колькасную большасць, а на 14-й хвіліне Аляксей Ярашоў павялічыў лік у сустрэчы.

Цяпер віцебскую каманду чакае дзесяцідзёны перапынак, пасля чаго яна працягне барацьбу ў чэмпіянаце на выездзе з хакейнай камандай “Брэст”.

Па неафіцыйнай інфармацыі, гэта была апошняя гульня галкіпера Максіма Малюціна ў складзе ХК “Віцебск”. Як раней паведамлялі “ННВ”, Максім трапіў у склад нацыянальнай зборнай па хакею на Алімпіяду ў Ванкувер. Пасля вяртання адтуль яго запрасілі абараняць вароты сталічнага “Юнацтва”.

Меткі:

Чытайце яшчэ