“Нафтан” быў у палове кроку ад Суперкубка Беларусі

Сёння ў Мінскім футбольным манежы адбыўся першы ў гісторыі незалежнасці нашай краіны розыгрыш Суперкубка Рэспублікі Беларусь. Навапалачане ў барацьбе за гэты трафей саступілі барысаўскаму БАТЭ ў серыі пасляматчавых пенальці з лікам 2:3.

У першым тайме больш ініцыятыўнай выглядала барысаўская каманда, аднак толькі адзіны момант на 38-й хвіліне ля брамы галкіпера навапалачан Мікалая Раманюка мог завяршыцца голам. Нападаючы барысаўчан Арцём Канцавы выйшаў адзін у ноль з варатаром “Нафтана”, праз якога заставалася толькі перакінуць мяч, але па незразумелай прычыне ён аддаў перадачу свайму партнёру. Куды больш часцей вымушаны быў хвалявацца брамнік барысаўчан Сяргей Верамко. Памылкі яго калег-абаронцаў дазвалялі суперніку наносіць небяспечныя ўдары па варотах і выйсці аднойчы адзін у нуль.

Другі тайм гульні прайшоў на роўных – без забітых мячоў і вострых момантаў, якія б прымусілі хвалявацца аматараў футбола. У адпаведнасці з рэгламентам розыграшу, калі матч сканчаецца ўнічыю, пераможца вызначаецца ў серыі пасляматчавых пенальці без правядзення дадатковага часу. Удача пры рэалізацыі пенальці ўсміхнулася чэмпіёну Беларусі-2009 БАТЭ – з пяці ўдараў яго футбалісты тройчы паразілі вароты падапечных Ігара Кавалевіча.
Уладальнікі Суперкубка, акрамя трафея і залатых медалёў, атрымалі сертыфікат на суму 45 мільёнаў беларускіх рублёў. Навапалачанам застаецца суцяшацца срэбранамі медалямі і сертыфікатам на 15 мільёнаў беларускіх рублёў.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ