ФК «Віцебск» пазбег паразы на апошняй хвіліне

Учора віцебскія футбалісты правялі матч у межах чэмпіяната Беларусі з магілёўскім “Дняпром”. Баталія завяршылася з лікам 1:1. Вынік сустрэчы не адпавядае гульні віцебскага клуба, у якой ён мусіў перамагаць.

Назіраючы за гульнёй віцябчан у першым тайме, сумаваць не было калі, а халоднае надвор’е не адчувалася. Шматлікія атакі гаспадароў не знаходзілі лагічнага эавяршэння.

У другой палове матч праходзіў на сустрэчных курсах, памылкі віцябчан пры перадачы мяча ў цэнтры поля не дазвалялі ім ужо так часта набліжацца да варотаў “Дняпра”. У гульню часцей быў вымушаны ўступаць брамнік “Віцебска” Зміцер Гушчанка.

”Спякотнай” выдалася канцоўка гульні. На 87-й хвіліне гулец магіляўчан Андрэй Лясюк прарваў абарону бела-сініх і адкрыў лік. Пабачыўшы гол у варотах сваёй каманды за некалькі хвілін да фінальнага свістка, віцебскія заўзятары пачалі пакідаць трыбуны. Самі ж футбалісты заўзята кінуліся выратоўваць становішча. Чарговая памылка віцябчан ледзь не дазволіла гасцям паставіць кропку ў сустрэчы, але мяч трапіў ў штангу. Бадай апошнім намаганнем падапечныя Юрыя Канаплёва на 92-й хвіліне вымусілі гасцей працягнуць гульню з цэнтра поля. Аўтарам “уратавальнага” мяча стаў Ігар Трухаў.

Гэта другая запар сустрэча, у якой “Віцебск” пазбягае паразы ў дадатковы час. У папярэднім матчы на выяздзе з салігорскім “Шахцёрам” ачко камандзе прынёс удар Руслана Усава на 91-й хвіліне.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць