ФК “Віцебск” апусціўся на радок ніжэй

Месяц таму віцебскія трыбуны святкавалі першую і пакуль апошнюю ў гэтым сезоне перамогу сваёй каманды ў родных сценах. Пры вывучэнні турнірнага становішча перад сустрэчай “Віцебска” з “Тарпеда” нават не ўзнікла думкі, што аўтазаводцы павязуць дадому перамогу з лікам 0:2. Здавалася: у горшым выпадку нашы землякі абмяжуюцца чарговай нічыёй.

З першых хвілін матча прыйшлося назіраць мабільную, канструктыўную гульню гасцей. Міжвольна ўзнікала пытанне: чаму каманда з такім імпэтам знаходзіцца ўнізе турнірнай табліцы?

Першы сур’ёзны “званочак” прагучаў для віцябчан на 4-й хвіліне гульні – пасля ўдара галавой Паўла Беганскага, але мяч праляцеў у некалькіх сантыметрах ад брамы. Моцным ударам ад лініі штрафной на 34-й хвіліне нагадаў пра сябе мясцоваму клубу Верон Сімон Агар, які ў гэтым годзе перайшоў з ”Віцебска” ў жодзінскае “Тарпеда”. Віцябчан ўратавала ў гэтым моманце штанга.

Пасля перапынку характар гульні не змяніўся. На 51-й хвіліне госці атрымалі права прабіць 11-цімятровы, які рэалізаваў Павал Беганскі. Першы сур’ёзны момант ля варот гасцей узнік толькі на 61-й хвіліне, калі Ігар Слесарчук спрабаваў перакінуць мяч праз стража брамы жодзінцаў, але той усё ж такі здолеў дакрануцца да мяча і перавесці яго на вуглавы. Неўзабаве пасля гэтага мяч у другі раз пабываў у сетцы варот Зміцера Гушчанка, які няўдала парыраваў удар у бліжні вугал.

Па-сапраўднаму праяўляць сябе віцябчане пачалі толькі за 10 хвілін да канца асноўнага часу. Скараціць лік і надаць жарсці ў гульні мог нападаючы гаспадароў Руслан Вусаў, выйшаўшы адзін у нуль з варатаром. Але табло працягвала паказваць сумныя лічбы 0:2...


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць