Віктар Казько пацалаваў “Глінянага Вялеса”

У Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку сёння адбылася цырымонія ўручэння штогадовай недзяржаўная літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Сёлета яе лаўрэатам стаў вядомы беларускі пісьменнік Віктар Казько. Глінянага стода апекуна мастацтва ён атрымаў за раман “Бунт незапатрабаванага праху”.
Лаўрэатам прэміі “Гліняны Вялес” стаў вядомы беларускі пісьменнік Віктар Казько. Фота Сержука Серабро

Віктар Казько спачатку пісаў на рускай, затым на беларускай мове. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола і Дзяржаўнай прэміі БССР. Чытачам вядомы ягоныя аповесці «Високосный год», «Здравствуй и прощай», «Две повести», «Суд у Слабадзе», раманы «Неруш», «Хроніка дзетдомаўскага сада».

Лаўрэатам прэміі “Гліняны Вялес” стаў вядомы беларускі пісьменнік Віктар Казько. Фота Сержука Серабро

Як распавёў на “вялесаванні” ініцыятар уручэння прэміі паэт Алесь Аркуш, сёлета “Гліняны Вялес” нараджаўся на свет з цяжкасцю: “З першай спробы ён не атрымаўся – лопнуў. Стод, варты Віктара Казько, атрымаўся ў кераміста Валерыя Дунеўскага толькі з другой ці нават трэцяй спробы”.
Лаўрэатам прэміі “Гліняны Вялес” стаў вядомы беларускі пісьменнік Віктар Казько. Фота Сержука Серабро

Па традыцыі падчас атрымання прэміі лаўрэат абавязкова выступае з інаўгурацыйнай прамовай. Атрымліваючы “Глінянага Вялеса”, Віктар Казько пацалаваў яго і павітаўся з ім: “Здарова, дзядзька!”

Лаўрэатам прэміі “Гліняны Вялес” стаў вядомы беларускі пісьменнік Віктар Казько. Фота Сержука Серабро

“Для мяне “Гліняны Вялес” вельмі дарагі, бо маё дзяцінства было глінянае, міскавае, гладышкавае, макітравае... І мне вельмі шкада таго часу, калі на базары стаялі гаршкі горамі. Зараз усё гэта стала артэфактам, сувенірам”, – адзначыў пісьменнік. На яго думку, кніга “Бунт незапатрабаванага праху”, што 10 гадоў праляжала ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а ў 2009 годзе нарэшце пабачыла свет.

Калісьці Алесь Адамовіч параўнаў Віктара Казько з Валянцінам Распуціным. Некаторыя беларускія крытыкі называюць Казько “беларускім Маркесам”. А вось Уладзімір Арлоў назваў сёння новага ўладальніка “Глінянага Вялеса” “нашым Фолкнерам”. А пасля выказаў пажаданне: “Але няхай там у Амерыцы будуць свае казькі, а не толькі ў нас беларускія фолкнеры”. У.Арлоў таксама парадаваўся, што нарэшце “пяро давяло Віктара Іванавіча ў Полацк” – сам лаўрэат да гэтага прызнаўся, што раней яму, ураджэнцу Палесся, не даводзілася бываць на Віцебскай зямлі.

Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” за лепшую беларускую мастацкую кнігу года была заснавана ў 1993 годзе “Таварыствам Вольных Літаратараў”. Сёлетнімі прэтэндантамі на “Глінянага Вялеса”, акрамя Віктара Казько, таксама былі «Цэнтр Еўропы» Уладзіміра Някляева, «Нічые» Андрэя Федарэнкі, «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча і «Акно для матылькоў» Міхася Скоблы.

У розныя гады лаўрэатамі “Глінянага Вялеса” станавіліся Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Славамір Адамовіч, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Валянцін Акудовіч і іншыя беларускія літаратары.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ