Вікторыя збегла ад “Віцебска” на апошняй хвіліне

Другі віток чэмпіяната Беларусі па футболе віцебская дружына пачала з хатняга матча з камандай з берагоў Нёмана – у горад над Дзвіной прыязджаў клуб з аднайменнай назвай. Дуэль паміж калектывамі завяршылася нічыёй 2:2.

Інтрыга сустрэчы пачалася развівацца ў другім тайме. На 55-й хвіліне галоўны суддзя Васіль Смірных прызначае пенальці ў вароты гасцей, якія актыўна спрабавалі аспрэчыць яго, апеліруючы да асістэнта рэферы. Але Васіль Смірных застаўся цвёрдым у сваім рашэнні.
Дакладным ударам лік у матчы адкрыў Зміцер Лебядзеў. Прапушчаны мяч прымусіў “Нёман” узмацніць націск, што дало станоўчыя вынікі. Месцячы сталі выглядаць няўпэўнена, дазваляючы суперніку наносіць небяспечныя ўдары. Пры чарговай сваёй атацы гарадзенцы зарабляюць на 11-цімятровы – 1:1. І тэмп гульні паступова спадае, нібыта вынік задавальняе дружыны.

Пад занавес гульні другую хвалю на трыбунах узняў Руслан Усаў, які нядаўна выйшаў на замену. Удар з вострага вугла, які ён нанёс, праслізнуў паміж ног брамніка. “Вось яна – доўгачаканая перамога, якую адсвяткуюць віцебскія аматары”, – думалася ў гэтыя апошнія хвіліны. Аднак апошні праход паўабаронцы гасцей Віталя Валадзенкава і яго навес у штрафную на Зміцера Кавалёнка пазбавілі віцябчан асалоды, якая была так блізка.

Меткі:

Чытайце яшчэ