Клуб “Live in Rock” сабраў “Кола Сяброў”

У Дзень Незалежнасці, пакуль па краіне праходзілі святочныя канцэрты зорак мясцовай і зусім мясцовай эстрады, рок-клуб сабраў у малой залі гарацкога палаца культуры ў Полацку сяброў і адзначыў адразу некалькі падзей. А менавіта: два гады плённай працы “Live in Rock”, якія не прайшлі незаўважна для рок-сцэны Полаччыны і яе музыкаў, а таксама – выхад кружэлкі “Life & Death” ад гурта “Kripa”.

Індыйскія мантры на санскрыце пад эксперыментальны пошук гуку без пэўных стылёвых прывязак, дыскі ў падарунак і запрашэнні на “Синюю сцену” фестываля “Славянский базар в Витебске” – віншаванні ад добрых сябраў рок-клубу, “Kripa”.

Дэбютавала каманда “Light Heart”. Падтрымка маладых гуртоў, якія робяць першыя крокі ў напрамку рэалізацыі сябе на сцэне – адна з мэтаў “Live in Rock”. Таму натуральна, што і ў святочным канцэрце ўзялі ўдзел тыя, хто толькі пачынае. У каманды ёсць перспектывы, толькі б не разгубіліся, не згубіліся – і тое,чаго не хапае ім сёння, прыйдзе. Немагчыма сабе уявіць нешта больш гарманічнае у горыч гэтага вечару чым сонечнае віцебскае рэггі. “Алмазны Фронт” вельмі актуальна спяваў пра “Лядоўню” (“Холодильник”), якая падавалася райскай прахалодай-асалодай “Баунти”. Любімыя (менавіта любімыя, а не старыя, бо не па часе, а па ўспрыманню вызначаюцца) і Новыя (у 28-мы раз) песні пад добры настрой – святочнае прывітанне ад “Indra”. “Eе Zімa” абралі для сябе тое, што падабаецца і мэтанакіравана працуюць у гэтым накірунку. Зімовая рокавая альтэрнатыва з прыемным вакалам – свежасць была ў дэфітыце і таму сустракалася авацыямі. Маладое зялёнае віншаванне ад “Face Off” у атмасферы пазітыва і максімальна гарачай тэмпературы паветра завяршыла святочнае сяброўскае кола з лірычнымі чытаннямі і манернымі тэатральнымі позамі.

Рок ад самых сваіх пачаткаў нясе зерне незалежнасці розных афарбовак, накірункаў, пазіцый і сэнсаў. Але першаснае вызначэнне – незалежнасць. І тое, што святочны канцэрт Рок-клуба прыйшоўся на Дзень Незалежнасці – вельмі сімвалічнае супадзенне. У сувязі з гэтым – незалежнасці Вам у вашых поглядах, меркаваннях, жыцці. На столькі, на колькі Вы самі сабе можаце гэта дазволіць. І, канешне ж, добрага здароўя, бо на вентылятары ці (ого, што прыдумала!) новае канцэртнае памяшканне спадзявацца не прыходзіцца. Ну а “Live in Rock”-у дзякуй за працу, новых канцэртаў і вялікага кола добрых сяброў.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ