“Паэту рэпартажа” прысвячаецца

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі можна наведаць выставу “Паэт рэпартажу”, прысвечаную выдатнаму дзеячу еўрапейскай культуры – польскаму журналісту, пісьменніку, паэту, фатографу Рышарду Капусцінскаму.

Пра легенду польскай журналістыкі на выставе распавядаюць дакументы, фатаграфіі, газетныя публікацыі, цытаты з ягоных кніг, выказванні вядомых людзей. Гэта быў чалавек з унікальным пачуццём падзеі, якое беспамылкова вяло яго туды, дзе рабілася гісторыя. Ён быў сведкам дзясяткаў пераваротаў і рэвалюцыяў, руйнавання імперыяў і з’яўлення новых дзяржаваў. Незадарма ў Польшчы яго называлі “каралём”, “паэтам” ці “чарадзеем” рэпартажу.

У якасці карэспандэнта Польскага агенцтва друку ён працаваў у Афрыцы, сярэднеазіяцскіх савецкіх рэспубліках, Лацінскай Амерыцы, Блізкім Усходзе, пісаў рэпартажы з дзесяткаў краін свету. У рэпарцёрскіх падарожжах правёў палову жыцця (наведаў больш за 100 краін).

Аўтар кніг рэпартажаў эсэ: “Кіргіз злазіць з каня” (1968), “Яшчэ дзень жыцця” (1976), “Футбольная вайна” (1978), “Шахіншах” (1982), “Падарожжа з Герадотам” (2004) і інш.; і паэтычных зборнікаў: Notes (1986), “Законы прыроды” (2006).

Кнігі Капусцінскага не раз былі прызнаныя кнігамі году паводле меркавання ўплывовых выданняў, а ў 1995 годзе ў Польшчы яго абвесцілі журналістам стагоддзя. Быў уганараваны многімі прэміямі і ўзнагародамі. Двойчы намінаваўся на літаратурную Нобелеўскую прэмію.

“Рэпарцёр працуе па прынцыпе акумулятара: наладоўвае, збірае, усмоктвае ў сябе ўсю гэтую рэчаіснасць, назапашвае матэрыял, таму ў яго няма часу пісаць у гэты момант (…) Бо падарожжа – гэта вельмі каштоўны час, сітуацыя падарожжа занадта каштоўная, каб пісаць”, – дзяліўся сваімі думкамі геніяльны рэпарцёр. Мяркую, выстава зацікавіць не толькі журналістаў і фатографаў, але і іншых людзей.

Экспазіцыя арганізавана Польскім інстытутам у Мінску.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць