Працягваецца праца над аднаўленнем Полацкага Евангелля

Духоўная святыня ХІІ ст. – Полацкае Евангелле – працягвае сваё вяртанне ў Беларусь. Два аркушы гэтага рарытэта, вядомыя як “Аркушы Ундольскага”, у электронным выглядзе перададзены Выдавецтву Беларускага Экзархата падчас сёлетняй Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша.

Дар Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ўяўляе сабой каляровыя копіі рэліквіі з запісамі на палях той часткі Полацкага Евангелля, якая захоўваецца ў Маскве. У верасні спецыялісты Выдавецтва Беларускага Экзархата плануюць паехаць у Санкт-Пецярбург, дзе захоўваеца большая частка Евангелля, каб перавесці ў лічбавы фармат адрэстаўраваную на той момант кнігу, паведамляе sobor.by.

Есць верагоднасць, што Полацкае Евангелле перапісвала сама прападобная Еўфрасіння Полацкая. Гэты ўнікальны скарб ХІІ ст. быў скрадзены пасля захопу Полацка Іванам Жахлівым у ходзе Лівонскай вайны ў 1563 годзе. Старэйшым за гэтую кнігу лічыцца толькі Тураўскае Евангелле, датаванае XI ст.

У XIX ст. асноўная частка фаліянта захоўвалася ў гісторыка М.Пагодзіна, а два аркушы – у збіральніка даўніны В.Ундольскага. У 1852 г., разам з пагодзінскім зборам старадрукаваных кніг і рукапісаў, Полацкае Евангелле набыла Імператарская Публічная бібліятэка ў Пецярбургу. У сваю чаргу, два аркушы, якія належалі Ундольскаму, трапілі разам з іншымі каштоўнасцямі яго збору ў бібліятэку Румянцаўскага музея, а цяпер захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Маскве.

Меткі:

Чытайце яшчэ