Правальскі і Ярмошына: “старая гісторыя”

Прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты з Віцебска Уладзімір Правальскі назваў хлуснёй выказванне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб тым, што сярод больш чым 100 тысячы подпісаў, сабраных яго ініцыятыўнай групай, толькі 700 з’яўляюцца сапраўднымі, а астатнія – ксеракопіі гэтых 700.

"Я ўчора быў у ЦВК і падаў астатнія неабходныя для рэгістрацыі дакументы. У ЦВК ніякіх прэтэнзій да мяне не прад’явілі, размаўлялі вельмі ветліва і карэктна. Адкуль яна гэта ўзяла?.. Я хіба ёй здаваў подпісы? Ёсць асоба ўпаўнаважаная - я ёй і здаў. Ёсць камісіі, якія абавязаны праверыць, скласці акт праверкі і на аснове акта - пратакол. Як можна такое казаць, не спасылаючыся на акты праверкі і пратаколы? Гэта значыць усе гэтыя словы не маюць ніякіх юрыдычных падстаў. Назавіце крыніцы! Я іх не бачыў. Тады гэта - хлусня!" – сказаў Уладзімір Правальскі "Беларускаму партызану".

У прэтэндэнта ў кандыдаты ёсць свае версіі, чаму Лідзія Ярмошына зрабіла такую "галаслоўную заяву" аб ксеракапіраванне подпісаў, але агучыць іх ён адмовіўся. Паведаміў толькі, што са старшынёй ЦВК у яго "працягваецца старая гісторыя".

Паводле яго слоў, у гэтым годзе ён спрабаваў балатавацца ў дэпутаты абласнога савета, але яго "дакументы нават не былі разгледжаны камісіяй", афіцыйнага рашэння аб адмове Правальскі таксама не атрымліваў, а яго звароты спачатку ў абласны суд, а пасля ў ЦВК не падзейнічалі.

І тады прадпрымальнік звярнуўся асабіста да Аляксандра Лукашэнкі. Як сцвярджае Правальскі, у яго пісьмовым звароце да прэзідэнта ён "прапаноўваў вызваліць Ярмошыну ад займаемай пасады за бяздзеянне".

Выходзіць, Лідзія Ярмошына помсціць не адбыўшамуся дэпутату Віцебскага абласнога савета і цяперашняму прэтэндэнту ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта? На гэтае пытанне Правальскі адказваць не захацеў. Як і на пытанне, ці ксеракапіраваліся на самой справе подпісы...

“Беларускі партызан”

Меткі: ,

Чытайце яшчэ