“Віцебск” не перашкодзіў “Мінску” на шляху да бронзы

За два туры да заканчэння юбілейнага, 20-га, чэмпіяната Беларусі па футболе дзве сталічныя каманды – ”Мінск” з 54-мя ачкамі і “Дынама” з 53-мя ачкамі – вядуць барацьбу за тытул бронзавага прызёра. ”Мінску”, каб захаваць лідэрства ці забяспечыць сабе датэрмінова бронзу, трэба было ўчора ў перадапошняй гульні спаборніцтва перамагчы ў гасцях нашу дружыну. Што і здарылася: мінчукі перамаглі віцяблян з лікам 1:3.

Матч праходзіў пад лозунгам “Сумленная гульня”, ініцыятарам якога выступіла асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”. Перад пачаткам сустрэчы з гэтай нагоды прагучаў зварот старшыні БФФ Генадзя Нявыгласа. Капітаны ад імя сваіх каманд паабяцалі весці сумленную гульню.

Першы тайм госці праводзілі асцярожна, не спяшаючы напружваць абарону “Віцебска”. Небяспечны момант ля брамы “Віцебска” ўзнік на 7-й хвіліне – паўабаронца “Мінска” Павел Кірыльчык прастрэліў уздоўж варот, але ніхто з аднаклубнікаў не замкнуў яго.

Адзіны, бадай, самы небяспечны момант каля варот гасцей у першым тайме адбыўся на 20-й хвіліне. Пасля падачы вуглавога капітанам “Віцебска” Ігарам Трухавым госці “вынеслі” мяч са штрафной, і мацнейшым ударам Андрэй Баранок прабівае ў правы вугал, але брамнік сталічнага клуба Сімас Скіндзерыс у прыжку выратоўвае клуб ад гола. Пры невялікай колькасці момантаў гасцям усё ж такі ўдалося адкрыць лік на 45-й хвіліне.

У другім тайме мінчукі загулялі ў больш атакуючы футбол. І яшчэ двойчы паразілі вароты Зміцера Гушчанкі. Нягледзячы на лік 0:3 “Віцебск” не здаваўся і дасягнуў сваёй мэты – Ігар Халадкоў на 76-й хвіліне перайграў брамніка на дабіванне.

32-гі тур выявіў чэмпіёна краіны. У сёмы раз ім стаў барысаўскі БАТЭ, срэбра – у салігорскага “Шахцёра”. Лёс бронзы будзе вядомы 20 лістапада, калі сталічныя клубы правядуць апошнія матчы.


Меткі: , , , , ,

Падобнае

    2 каментарыя

    1. goga  
      14/Лістапад/2010 у 18:56

      Бедный Юрик.

    2. Дмитрий  
      14/Лістапад/2010 у 20:40 1

      Блин...это какой то кошмарный сон Эдуарда Малофеева: Витебск позволяет минскому Динамо занять третье место на этом первенстве бани.....

    Каментаваць