Узялі тры ачкі. Ды як!

Апошні раз ХК ”Віцебск” у гэтым сезоне браў тры ачкі вельмі даўно – аж 25 верасня, на сваёй пляцоўцы ў сустрэчы з “Магілёвам”. Ведаў, што і на гэты раз наша каманда ў паядынку з гэтым жа супернікам можа парадаваць, аднак вынік пераўзыйшоў усе чаканні – “мядзведзі” перамаглі з лікам 7:2.

Стартавыя 20 хвілін пачаліся на ўра. Першая атака і гол. Кідок Аляксандра Абакунчыка адбівае варатар гасцей, але своечасова на пятачку з’яўляецца Андрэй Арлюк і абыгрывае абаронцу з брамнікам. Праз хвіліну атрымліваем права закінуць дзве шайбы, але не рэалізоўваем сваё колькаснае пераўзыходжанне. Мінула 10-20 секуд пасля таго, як выйшаў апошні аштрафаваны магіляўчанін, і Павел Волчык з вострага вугла адпраўляе шайбу ў дальні кут варот ад брамніка.

”Віцебск” працягвае атакаваць, не даючы гасцям прыйсці ў сябе.
Павал Волчык прыгожа ўваходзіць у зону суперніка і робіць перадачу ўздоўж варот на Ягора Сцяпанава – 3:0. Паціху збаўляем абароты, даючы “Магілёву” сур’ёзна патурбаваць нашага варатара Арунаса Алейнікаваса. У першай трэці магіляўчан выратоўвалі штанга і варатар Аляксандр Котаў, які змяніў пасля трэцяй прапушчанай шайбы свайго партнёра па амплуа.

Перапынак унёс некаторыя карэктывы ў гульню. Госці завалодалі ініцыятывай і паціху насядалі на вароты “Віцебска”. І ў сярэдзіне перыяда дабіліся поспеха. Пасля кідка ад сіняй ліні абаронцы “Магілёва” Уладзіміра Малевіча Арунас няўдала гуляе “лавушкай”, і шайба трапляе ў вароты.

Хвілін за пяць да другога перапынка Аляксандар Абакунчык перахоплівае шайбу ў суперніка і выходзіць з Аляксеем Ярашовым два ў адзін (4:1) – шайба на рахунку Аляксея. Трыбуны вітаюць гол воклічам “Малайцы!” Госці вядуць ужо больш асцярожную гульню.

У апошнім перапынку мясцовыя аматары не спяшаюцца віншаваць адзін аднаго – гісторыя гэтага чэмпіяната ведае шмат прыкладаў, калі віцебская каманда вяла ў ліку, а пасля саступала. Заставалася толькі чакаць фінішу.

Сустрэчнымі атакамі распачынаюцца апошнія 20 хвілін. У душы хваляванне: утрымаем лік, не утрымаем? Паглядаю на табло, час ідзе вельмі марудна. Палёгку на 46-й хвіліне дорыць Павал Волчык, які абыграў за брамай суперніка абаронцу і закінуў шайбу паміж шчыткоў варатара. Трыбуны зноў скандуюць: “Малайцы!”.

”Магілёў” не здаецца, “Віцебск” не згодзен з лікам – барацьба працягваецца. Госці выйгралі ўкідванне ў зоне віцяблян і на 57-й хвіліне скарацілі лік. Гульня набліжаецца да заканчэння, суддзя-інфарматар аб’яўляе: пайшлі апошнія дзве хвіліны.

Усё, “мядзведзі” будуць гуляць на ўтрыманне, здавалася на той момант. Але канцоўка атрымалася яшчэ тая. У мітусні каля варот гасцей Сяргей Голубеў умудраецца адправіць шайбу пад перакладзіну. А праз паўхвіліны Антон Палушын аддае дакладную перадачу з-за варот апанентаў Сяргею Вароніну, які яе замыкае.
Апошнія трыццаць секунд заўзятары глядзелі матч стоячы. “Віцебск”, ”Віцебск”, – крычалі аматары хакея, якім родная каманда падарыла, нарэшце, сапраўднае задавальненне.

Прыемная гульня, прыемны лік, але эйфарыі няма. Наперадзе, 28 лістапада, сустрэча з сур’ёзным супернікам – “Шахцёрам”, а мы пакуль толькі на 10-м месцы.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ