Выстаялі і перамаглі

Не толькі фізічна, але і маральна цяжка давялося нашым хлопцам у матчы з “Брэстам”. Нягледзячы ні на што, “Віцебск” перамог з лікам 3:0.

“Мядзведзі” пачалі сустрэчу рашучым наступам на браму гасцей. Але атакуючая гульня гаспадароў доўжылася не так ужо доўга – хвілін пяць. Досыць частыя лавачныя штрафы дэмаралізоўвалі віцяблян і вымушалі абараняцца.

Рашэнні галоўнага суддзі, часам неабгрунтаваныя, выклікалі незадаволенасць на трыбунах. І ў адрас Яўгена Тартунова сыпаліся воклічы “Бей судью!”. Гульня на пляцоўцы накалялася. Яшчэ трохі – і маглі б пачацца бойкі паміж хакеістамі. Агулам за матч віцябляне правялі 20 хвілін у меншасці – цэлы перыяд. Аднак дзякуючы самаахвярнасці “мядзведзей” нашы вароты засталіся нераспячатанымі.

Галы ў вароты суперніка віцебскія аматары пабачылі толькі ў трэцім перыядзе. Распячатаў Сяргея Рагоўскага на 50-й хвіліне Ягор Цурыкаў. Пасля ягонага першага кідка шайба трапляе ў абаронцу, варатар губляе шайбу з поля зроку, і гэта дазволіла Ягору другім кідком адправіць шайбу пад перакладзіну. Настрой на трыбунах ужо лепей. Але гуляць яшчэ дзесяць хвілін, і любая памылка можа каштаваць вельмі дорага.

Брэстчане пачынаюць прэсінг. Галоўны трэнер “Віцебска” Сяргей Петухоў пры першай магчымасці бярэ тайм-аўт, каб збіць наступаючы тэмп гаспадароў. І паступова яны выраўніваюць гульню. Другі раз першае звяно дабіваецца поспеху ўжо на 57-й хвіліне. Кідок Ягора Цурыкава варатар гасцей адбіў шчытком. Але падчас кідка Аляксандра Абакунчыка брамнік быў бяссільны што-небудзь зрабіць.

За дзве хвіліны да фінальнай сірэны “Брэст” яшчэ не губляе надзеі зраўняць лік і мяняе варатара на шостага палявога гульца. Пры актыўным націску суперніка Андрэю Арляку ўдаецца ў сваёй зоне забраць шайбу ў гасцей і аддаць яе Аляксандру Абакунчыку, які ад сваёй сіняй лініі адпраўляе яе ў пустую браму – 3:0.
За хвіліну да завяршэння матча можна было смела сказаць – перамаглі насуперак усяму. Гэта вікторыя дазволіла “Віцебску” ўзняцца на 10-е месца і скараціць адлегласць ад васьмёркі мацнейшых да 9-ці ачкоў.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць