Прэміі “За духоўнае адраджэнне” атрымалі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій і ігумення Еўдакія

Сярод лаўрэатаў прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” за 2010 год – архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій і ігумення Еўдакія, настаяцельніца Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку.

Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій (Більчанка Павел Захаравіч) атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне” “за актыўную духоўна-асветніцкую дзейнасць, значны ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды”. Ігумення Еўдакія (Ляўшук Любоў Пятроўна) адзначана гэтай узнагародай “за значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, духоўна-асветніцкую дзейнасць, плённую працу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны”.

Любоў Ляўшук прыйшла ў манастыр, калі ёй было 20 гадоў, і вось ужо больш за 30 гадоў яна служыць Госпаду. Ігуменняй Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яна стала ў 2004 годзе. Уладыка Феадосій па свецкай адукацыі – інжынер, працаваў у Інстытуце радыёфізікі і электронікі Акадэміі навук Украіны. У 27 гадоў паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, затым – у Маскоўскую духоўную акадэмію. Абараніў дысертацыю па тэорыі царкоўнай казані і атрымаў званне магістра багаслоўя. У 1997 годзе ўзначаліў Полацкую і Глубоцкую епархію.

Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў указ № 5 "Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2010 года". Сярод лаўрэатаў ёсць калектыў з Віцебшчыны – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь цырк "Юнацтва" Палаца культуры адкрытага акцыянернага таварыства "Нафтан" Наваполацка. Цыркавы калектыў атрымаў узнагароду “за высокі мастацкі ўзровень цыркавых праграм, актыўны ўдзел у культурным жыцці рэспублікі”.

Паводле БелТА.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ