Выйшаў даведнік пра краязнаўцаў Віцебшчыны

У Духаўскім кругліку сёння адбылася прэзентацыя біябібліяграфічнага даведніка “Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й паловы ХХ – пачатку ХХІ ст.”. Яго аўтарам з’яўляецца вядомы краязнаўца, настаўнік гісторыі Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.Машэрава, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар.
Выйшаў даведнік пра краязнаўцаў Віцебшчыны. Фото Сергея Серебро

Тэмай “сучасныя даследчыкі Віцебска” ён зацікавіўся гадоў восем таму. І біябібліяграфічны даведнік, што пабачыў свет летась у выдавецтве “Кнігазбор”, з’яўляецца працягам ранейшай кнігі Півавара – выдадзенага ў 2006 годзе даведніка “Даследчыкі Полацка-віцебскай даўніны XVI ст. – 1944 г.”.

Выйшаў даведнік пра краязнаўцаў Віцебшчыны. Фото Сергея Серебро

І калі першая праца вядомага віцебскага краязнаўцы змяшчала інфармацыю аб 230 сваіх калегах, то новая кніга атрымалася яшчэ больш грунтоўнай – тут прыводзяцца звесткі аб 573 асобах. Гэта прадстаўнікі самых розных прафесій – краязнаўцы-аматары, музейныя супрацоўнікі, архівісты, бібліятэкары, журналісты, настаўнікі, выкладчыкі, навукоўцы, супрацоўнікі дзяржустаноў. Аднак усіх іх аб’ядноўвае апантаная любоў да гісторыі і культуры Віцебшчыны. Даведнік “Краязнаўцы Віцебшчыны” багата ілюстраваны фотаздымкамі даследчыкаў і іхніх прац.

Мікалай Півавар, як заўжды, цікава і ў сваёй адметнай манеры – з гумарам і яскравымі прыкладамі – распавёў аб героях сваёй новай кнігі. У прыватнасці, у даведніку можна прачытаць аб такіх людзях, як Ніна Абрамава, Валянцін Арлоў, Геральд Асвяцінскі, Таццяна Бубенька, Вольга Ляўко, Іван Галькевіч, Анатоль Дарафееў, Анатоль Канапелька, Яўгенія Кічына, Алег Куржалаў, Вера Рогач, Аркадзь Падліпскі, Міхаіл Паўлаў, Ігар Цішкін, Ніна Сулецкая, Людміла Хмяльніцкая і інш.

Калі спытаць у любога жыхара нашага горада, якіх даследчыкаў мясцовай гісторыі ён ведае, першы, каго ён назаве, канешне ж, будзе Аляксей Сапуноў. “Так, Сапуноў, “гэта наша ўсё”. Гэта віцебскі Гамер. Аднак у нас, акрамя Сапунова, ёсць шмат сучасных даследчыкаў, людзей, якія апантана вывучалі гісторыю нашага горада. Але мы іх не ведаем”, – адзначыў краязнаўца. Між тым яны таксама зрабілі вялізны ўнёсак у вывучэнне “віцебскай даўніны”. “І трэба не толькі ведаць і прыгадваць гэтых людзей, але і карыстацца іхнімі працамі, выкарыстоўваць іхнія веды”, – лічыць М.Півавар.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ