Панцырныя баяры вяртаюцца — беларускія памежнікі сядлаюць коней

Дзяржаўны памежны камітэт вырашыў адрадзіць традыцыю патрулявання беларускай мяжы вярхом на конях. Эксперымент разлічаны на 2 гады і ўдзел у ім прыме адна застава Полацкага памежнага атрада, а таксама застава Гродзенскай памежнай групы.
Вершнікі Каралеўскай канадскай коннай паліцыі. Фота  eskimo_jo/flickr.com

На конях у першую чаргу плануецца патруляваць памежныя тэрыторыі, дзе размешчаныя гістарычныя ці экалагіныя аб’екты, каб пазбегнуць нанясення ім шкоды аўтамабільным транспартам. Гэта датычыцца, напрыклад, Асвейскага возера і Аўгустоўскага канала.

Як паведамляе сайт беларускіх памежнікаў, зараз ідзе адбор і навучанне ваеннаслужачых, якія ў хуткім часе пачнуць патруляванне на конях. Найбольшы шанец сесці ў сядло ў тых, хто мае конную падрыхтоўку або досвед верхавой язды. Больш грунтоўная трэніроўка памежнікаў-кавалерыстаў будзе праводзіцца на базе школы верхавой язды пры КУСГП «Асвейскі» ў Верхнядзвінскім раёне.

Дарэчы, у Вялікім Княстве Літоўскім існавала цэлае саслоўе — панцырныя баяры — якое за асобыя прывілеі мусіла несці асабістую ваенную службу на кані ў панцырным узбраенні. Найбольшая канцэнтрацыя паселішчаў гэтых служылых людзей была якраз на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці, дзе ў іхны абавязак уваходзіла абарона мяжы з Маскоўскай дзяржавай.

На сённяшні дзень коннае патруляванне межаў і іншых тэрыторый выкарыстоўваецца ў шэрагу краін, асабліва там дзе патрулям трэба перасоўвацца па лясістай ці горнай мясцовасці. Найбольш вядомая з такіх фармацый — Каралеўская канадская конная паліцыя.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ