Для “мядзведзей” сезон завяршыўся

Гульнёй з лідарам чэмпіяната – “Юнацтвам”, нашы “мядзведзі” завяршылі чарговы лядовы сезон. Вынік матча не рабіў ніякага “надвор’я” для мінскага клуба і “Віцебска”, які безнадзейна знаходзіўся на 11-ым месцы.

Не ўсе віцебскія прыхільнікі хакея ў панядзелак змаглі паназіраць за ходам апошняй баталіі. Матч быў перанесены са зручнага часу (18.30) на гадзіну дня. Тым не менш падтрымаць свой клуб прыйшло 255 чалавек. І яны наўрад ці былі здзіўлены паразай віцебскай дружыны (3:8).

У апошні гульнявы дзень сваю бамбардзірскую скарбонку закінутымі шайбамі папоўнілі Ягор Цурыкаў, Павел Толсцік і Антон Палушын. Лепшымі выканаўцамі галявых момантаў сярод нападаючых у “мядзведзей” у гэтай рэгулярцы сталі Ігар Варашылаў, які закінуў 18 шайб у 52-х матчах, Аляксандр Абакунчык таксама мае 18 шайб пасля 51-й сустрэчы. Павел Волчак правёў усе 55 матчаў і стаў лепшым па сыстэме гол + пас, ён 15 раз паражаў брамы супернікаў і зрабіў 18 галявых перадач.

Сярод абаронцаў можна адзначыць Данііла Арлова, на рахунку якога шэсць галоў, і Андрэя Пракопчыка, які папоўніў шэрагі “Віцебска” ў лістападзе. За гэты час Андрэй чатыры разы запальваў чырвонае святло за варотамі супернікаў і аддаў 9 выніковых перадач.

Думаю, не памылюся, калі скажу, што адкрыццём гэтага сезона стаў малады віцебскі брамнік Артур Лук’янаў, які правёў у сезоне 12 гульняў за каманду і неаднаразова дэманстраваў здольнасць абараняць вароты роднага клуба.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ