На юбілейны “Славянскі базар у Віцебску” чакаюць Мірэй Мацье

XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 14 ліпеня. Складанне фестывальнай праграмы яшчэ працягваецца, аднак некаторыя падрабязнасці ўжо вядомыя. Мірэй Мацье. Фота ITAR-TASS / WikiPedia

Як паведамляе БелТА са спасылкай на начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Цярэнцьева, чакаецца, што ў адкрыцці сёлетняга фестывалю прымуць удзел Мірэй Мацье, група Space, Мікалай Баскаў, хор Турэцкага і "Сопрано10", Аляксандр Розэнбаум, балет пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана. Скончыцца канцэрт адкрыцця лазерным шоу пад касмічную музыку Space.

Шыкоўным на гэты раз павінен стаць Дзень Беларусі. Наша краіна збіраецца прадэманстраваць на фестывалі не толькі дасягненні ў галіне культуры, але і ў навуцы, тэхніцы, вытворчасці. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прывязе спектакль "Пінская шляхта". Пройдзе вялікая выстава беларускіх мастакоў. Увечары адбудзецца канцэрт Анжалікі Агурбаш. Падчас фестывалю таксама пройдуць міжнародны інвестыцыйны форум, рэспубліканская выстава-кірмаш "Малы бізнэс у фестывальным Віцебску", кірмаш народных рамёстваў "Горад майстроў".

На алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення" загарыцца зорка ў гонар вядомага беларускага кампазітара Ігара Лучанка.

У Дзень культуры Расіі выступіць хор імя Пятніцкага, які сёлета адзначае сваё стагоддзе. З “сольнікамі” у Віцебску выступяць Мірэй Мацье, Алена Ваенга, Максім Галкін, Любоў Успенская, Надзея Кадышава, Валерый Меладзэ, Аўраам Русо, Аляксандр Розэнбаум, хор Турэцкага, група "Мумий Тролль". У другім аддзяленні аднаго з канцэртаў міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў сольны канцэрт дасць Крысціна Арбакайтэ. На сцэне, усталяванай на плошчы Перамогі, пройдуць выступленні Сяргея Лазарава і МакSим.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ