Праслаўленне Божай дабрыні з нагоды беатыфікацыі Яна Паўла ІІ у Мосары

Пасля смерці Вялікага Пантыфіка Яна Паўла ІІ, у той жа 2005 год, 15 жніўня ў парафіі святой Ганны ў Мосары Віцебскай дыяцэзіі быў усталяваны і ўрачыста асвечаны першы помнік Святому Айцу на беларускай зямлі.
Папа Ян Павел ІІ. Фота Reuters

Пазней, 7 ліпеня 2007 года, каля касцёла святога Юзафа ў Валожыне адбылося ўрачыстае адкрыццё другога помніка Папу Яну Паўлу ІІ, а таксама і каля іншых касцёлаў паўсталі помнікі, між іншым і 2 красавіка 2009 г., у чацвёртую гадавіну смерці Святога Айца Яна Паўла ІІ, у віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага.

Помнік Папу Яну Паўлу ІІ. Фота кс. Аляксея Юркайця

У Рыме 1 мая 2011 года, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, адбудзецца беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла ІІ, таму асаблівым чынам і ў в. Мосар Віцебскай дыяцэзіі, дзе ўзнік першы помнік Святому Айцу, вернікі будуць праслаўляць благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. З гэтай нагоды на працягу трох дзён: 29 і 30 красавіка, перад Святой Імшой у 16:30, а таксама і ў нядзелю 1 мая ў 12:30 у Мосары адбудуцца сустрэчы, якія дапамогуць наблізіць Яго постаць і паглыбіць веды аб Яго Пантыфікаце.

Пасля кожнага набажэнства каля помніка Яну Паўлу ІІ мосарскія парафіяне, разам са сваім душпастырам, будуць узносіць малітвы праслаўлення.

Запрашаем у Мосар усіх жадаючых прыняць удзел у святкаванні беатыфікацыі, на сустрэчы і Ўрачыстую Літургію падзякі за благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ у нядзелю 1 мая.

У нядзелю, пасля Ўрачыстасцяў, сабраныя на малітве вернікі будуць мець магчымасць у парафіяльным доме паглядзець фільм “Караль — чалавек, які стаў Святым Айцом” італьянскага рэжыссёра Джакомо Баттіано.

Папа Ян Павел ІІ назаўсёды будзе для нас прыкладам бязмежнай любові да Бога і людзей!

Слуга Божы Ян Павел ІІ – Вялікі Пантыфік у нашай гісторыі. Гістарычная даведка

Сумная вестка аб смерці Святога Айца Яна Паўла ІІ абляцела ўвесь свет 2 красавіка 2005 года. Адыход вялікага чалавека Касцёла і сучаснасці з гэтага свету да Пана Бога быў нібы заканчэннем цэлай эпохі Пантыфіка, якая распачалася з закліка: “Не бойцеся!”

Папа Ян Павел ІІ на Філіпінах у 1981 годзе. Фота UPI Photo/Terry Schmitt

Нарадзіўся ён, Караль Вайтыла, у горадзе Вадавіцы ў Польшчы 18 мая 1920 года у сям'і былога афіцэра аўстрыйскай арміі. Ён быў малодшым з двух дзяцей Караля Вайтылы-старэйшага і Эміліі Качароўскай, якая памерла, калі будучаму Папе было ўсяго дзевяць гадоў. Пазней, у 1941 годзе памёр і яго бацька.

Пасля заканчэння гімназіі ў 1942 годзе ён паступіў у падпольную духоўную семінарыю і 1 лістапада 1946 года прыняў святарскае пасвячэнне з рук кракаўскага арцыбіскупа Адама Стэфана Сапегі. У 1946-48 гадах вучыўся ў Рыме на філасоўскім факультэце Дамініканскага універсітэта “Ангелікум”, а таксама ў каталіцкіх універсітэтах Фрыбурга (Швейцарыя) і Лувена (Бельгія).

Пасля вяртання ў Польшчу ў 1948 годзе выконваў функцыі вікарыя ў парафіі г. Кракава. У 1953 годзе абараніў ступень доктара маральнай тэалогіі і вёў лекцыі ў Кракаўскай духоўнай семінарыі. У 1957 годзе Караль стаў дацэнтам у Люблінскім каталіцкім універсітэце. 4 ліпеня 1958 года Святы Айцец Пій XII паклікаў Караля Вайтылу на пасаду дапаможнага біскупа Кракаўскай архідыяцэзіі і біскупскую сакру ён прыняў 28 верасня 1958 года. 13 студзеня 1964 года Святы Айцец Павел VI назначыў біскупа Караля арцыбіскупам і Мітрапалітам Кракава, а 26 чэрвеня 1967 года ўсклаў кардынальскую бірэтту. Па Божай волі 16 кастрычніка 1978 года кардынал Караль Вайтыла быў абраны Пантыфікам і прыняў імя Ян Павел ІІ.

Папа Ян Павел ІІ каля Заходняй сцяны Іерусаліма ў Ізраілі, 1993 год. Фота GPO/ Amos Ben Gershom

За гады свайго пантыфікату Ян Павел ІІ увёў новы Кодэкс кананічнага права (1983). Абвясціў новы Катэхізіс каталіцкага Касцёла (1992), правёў 120 замежных падарожжаў, наведаў 129 краін. Таксама Ян Павел ІІ беатыфікаваў 1343, кананізаваў 482 асобы. Прызначыў на пасады 321 епіскапа і 232 кардынала. Святы Айцец выдаў аж 14 Энцыклік і 15 Апостальскіх адартацый, 11 Апостальскіх канстытуцый і 45 Апостальскіх пасланняў, 30 дакументаў у форме "motu proprio", тысячы папскіх лістоў. Апублікаваў тры кнігі. Па працягласці свайго пантыфікату Ян Павел ІІ саступае толькі Апосталу Пятру і Папе Пію IX (1846 — 1878).

У Рыме 1 мая 2011 года адбудзецца беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Увесь каталіцкі свет чакае гэтай падзеі. Вялікая ўдзячнасць Пантыфіку ахоплівае сэрцы ўсіх каталікоў свету і вернікаў беларускіх парафій. Менавіта Святы Айцец Ян Павел ІІ паспрыяў адраджэнню касцёльных структураў на Беларусі.

Пасля распаду СССР і стварэннем Беларускай дзяржавы, дзякуючы Яну Паўлу ІІ адбыліся змены ў жыцці Касцёла на Беларусі: 25 жніўня 1989 года Апостальская Сталіца мянавала ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў на Беларусі і восенню Святы Айцец Ян Павел II у Рыме кансэкраваў яго на біскупа.

Неўзабаве хутка, 13 красавіка 1991 года буллай Святога Айца Яна Паўла II “Iam pridem” была створана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і мянаваны Мітрапалітам ксёндз арцыбіскуп Казімір Свёнтак.

Святы Айцец Ян Павел ІІ Апостальскай Канстытуцыяй “Ad aptius consulemendum” эрыгаваў новую Віцебскую дыяцэзію 13 кастрычніка 1999 года, і ўстанавіў першым яе Ардынарыем біскупа Уладзіслава Бліна, які прыкладае вялікія намаганні ў адраджэнні рэлігійнага жыцця парафій Віцебшчыны.

Ян Павел ІІ памятаў пра Беларусь, нават у традыцыйных пасланнях «urbi et orbi» на Божае Нараджэнне і Пасху ён першы з Пантыфікаў прамовіў па беларуску, размаўляў на сустрэчах з пілігрымамі і біскупамі нашай краіны. Ён перажываў за наш Касцёл, маліўся за нас.

Папа Ян Павел ІІ з ноўтбукам

Нам усім шмат ёсць за што дзякаваць Богу і праслаўляць Яго веліч праз асобу Слугі Божага Яна Паўла ІІ і вучыцца “гарэць” Божым Святлом і Любоў’ю, да якой мы і пакліканы. Няхай жа Ян Павел ІІ дапамагае нам на дарозе да дасканаласці і святасці.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць