Майскі фэст у Гняздзілаве

Няшмат хто ведае, што апрача вядомых парафій у Докшыцкім дэканаце ёсць яшчэ іншыя святыя месцы. Яны не ляжаць на ростанях дарог. Паўз іх не імкнуцца чэргі аўтамабіляў. Але ў гэтых асвечаных храмах адпраўляецца св. Імша і збіраюцца на малітву людзі.

Гняздзілава — адно з такіх месцаў. Гэта звычайная беларуская вёска на захад ад Докшыц. 1 мая там сабраліся вернікі з дэканата, каб прыняць удзел у парафіяльным фэсце. Капліца Божай Міласэрнасці невялікая. Таму набажэнствы прайшлі вонкі святыні.

Святары з вернікамі маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, Літаніяй да Найсвяцейшай Марыі Панны і атрымалі ўрачыстае благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Св. Імшу цэлебравалі кс. Віктар Місевіч з Бягомля і айцы-капуцыны з Докшыц: а. Марэк Пасют і а. Віталь Бандаронак. Божае слова прамовіў кс. Віктар Місевіч. Ён засяродзіўся над ідэяй Божай Міласэрнасці на старонках Св. Пісання і ў вучэнні Касцёла. Святар таксама падкрэсліў асаблівасць фэсту. Менавіта ў гэты дзень у Рыме слуга Божы Ян Павел ІІ быў аб’яўлены благаслаўлёным. Пра такую значную падзею нагадвала дэкарацыя перад гняздзілаўскай капліцай.

Пасля малітваў і неабходных аб’яваў брат Войтэк запрасіў усіх да вогнішча і пачаставаў гарачым супам. Шмат было радасці і для дзяцей. Яны ахвотна смажылі на агні смачныя каўбаскі. Свята ў Гняздзілаве сапраўды адбылося на славу Божую і для дабра людзей.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ