У Мосары адбылася юбілейная сустрэча асобаў з абмежаванымі магчымасцямі

У суботу, 28 мая 2011 года, у Мосары адбылася юбілейная сустрэча асобаў з абмежаванымі магчымасцямі з супольнасці “Бэтэль” (Betel) пры Дабрачынным Каталіцкім Таварыстве “Карытас”(Caritas) Віцебскай дыяцэзіі. Як і кожны год, мосарская парафія прымае ў сябе гасцей з трох супольнасцяў “Betel-Caritas” з Віцебска, Глыбокага і Мёраў.

У гэтым годзе ва ўрачыстай сустрэчы прынялі ўдзел каля 80 чалавек і ажно 5 святароў, сімвалічна, што юбілей таксама 5-ы па ліку. Гэтае мерапрыемства стала ўжо добрай традыцыяй.

Удзельнікі супольнасці, якім Бог даў хваробу ці няпростую рэчаіснасць жыцця – крыж інваліднасці, ахвотна наведалі святыню, музей і, як дзеці, адчулі сапраўдную радасць, прымаючы актыўны ўдзел у конкурсах, якія падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтра пазашкольнай работы з г. Глыбокае.

На свежым паветры жыццё супольнасці нібы змянілася: чуліся прыгожыя спевы, танцы і, нягледзячы на інвалідныя каляскі і шэрасць будняў, былі бачныя толькі дабразычлівыя позіркі і ўсмешкі на тварах, чуліся цудоўныя спевы.

Пасля невялікага веснавога дажджу ўсіх вакол сябе сабрала вогнішча, каля якога адбыўся супольны пасілак. Сумеснае спажыванне ежы ўсім удзельнікам дазволіла асабліва яскрава адчуць радасць супольнасці, якой нішто не можа замяніць. Быць разам – гэта мець магчымасць адчуць сяброўскую далонь у нялёгкім, незвычайным жыцці…

…Вогнішча дагарэла. Вуголле, нібы жар сэрцаў, адлюстроўвалася ў людскіх вачах. Яшчэ ні адну гадзіну хацелася быць разам!

І пакрысе надыйшла пара вяртання дадому. Хтосьці ў Віцебск, хтосьці ў Мёры, хто ў Глыбокае. І праз год радасць спаткання будзе даваць сілы для пераадолення ўсіх цяжкасцяў з Богам да новай сустрэчы.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць