Мосар: Летняя сустрэча «Легіёну Марыі»

У суботу, 11 чэрвеня 2011 года, у Мосары адбылася летняя сустрэча «Легіёну Марыі» курыі Маці Божай Балеснай (Глыбокае), у якую ўваходзяць 6 прэзідыюмаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі.

У 2009 годзе ў Мосары быў урачыста асвечаны крыж, усталяваны ў гонар 15-годдзя дзейнасьці ў Беларусі гэтага каталіцкага апостальскага руху і трэці год збірае легіянераў. Парафіяне — члены Легіёну Марыі з Глыбокага, Дзеркаўшчыны, Докшыц, Верхнядзінска, Ахрэмаўцаў, Дунілавічаў і Лучая — сабраныя ў парафіяльным доме спачатку чыталі Легіянерскую абавязковую малітву (tessera), паслухалі справазданне каміцыюмаў і навіны з жыцця «Легіёну Марыі» на Беларусі, а таксама супольна памаліліся на Ружанцы.

Потым удзельнічалі ў Святой Імшы, слухалі Божае Слова і маліліся перад рэліквіямі святога Юстына ў капліцы, многія легіянеры набылі кнігу-малітоўнік да св. Юстына-мучаніка.

Пасля абеду, у рамах практычнай дзейнасці, легіянеры ахвотна дапамаглі каля святыні аднавіць прыгажосць кветак, старанна іх прапалолі, і, неўзабаве, з неба паляцелі каплі дожджу, яны нібы падсумавалі гэты дзень радасці.

Перад ад’ездам, у парафіяльным доме легіянеры дзяліліся сваімі ўражаннямі за дзень сустрэчы. І калі на душы ёсць радасць, вялікая радасць, не гледзячы на стому, гэта значыць, што Божая Маці была з намі! Кожны дзень, пражыты для Бога — гэта плённы дзень!

Легіянеры — тыя, хто ў штодзённасці нясе Бога патрабуючым людзям. Яны з’яўляюцца нібы працягам рук святара, рук самаго Езуса Хрыста, ідучы туды, дзе ёсць цярпенне, хваробы, цяжкія жыццёвыя праблемы. Бог, праз сучасных апосталаў, перамагае сілы цемры, знаходзіць згубленую авечку, узмацняе надзею і дае радасць моцнай веры.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ