З гісторыі вуліцы Малаільінскай

Заўтра дзень вязня фашысцкіх канцлагераоў. З гэтай нагоды мне, былому вязню Віцебскага гета і Лепельскага лагера, тэлефануюць сябры і знаёмыя. А на мяне нахлынулі ўспаміны, з якімі мне хочацца падзяліцца са сваімі землякамі. Вуліцы Малаільінскай няма на карце Віцебска (зараз яна, здаецца, называецца Рэвалюцыйнай), але яна жыве ў памяці тых, хто на ёй жыў.
З гісторыі вуліцы Малаільінскай. Фота alexBel

Толькі закрыю вочы — бачу дамы, што на ёй стаялі, успамінаю сваіх суседзяў. Разам з імі перажывалі ўсе цяжкасці ваеннага жыцця: голад і холад. Вуліца, па маёй памяці пачыналася з чыгуначнага тупіка. Там стаялі санітарныя вагоны з параненымі ў час фінскай вайны. Пра гэта ўвесь час казала мая мама. Потым стаяла хата Валі Сівохінай, а за ёй наша драўляная трохкватэрная хата. У адной частцы жылі Буслаевы Ксана і Дзіна, і іх дзеці — Рая і Зоя. У другой большай палове, падзеленай калідорам на дзве кватэры, жылі мы — Аронавы, і Бенісы.

У Бенісаў кватэра была большая за нашу, і у іх доўгі час жыла кватаранка Міля Іванаўна, добрая, мілая, акуратненькая старая жанчына. Як цяпер бачу акуратненькія локаны на яе белай галоўцы. Яна працавала цырульнікам. У яе заўжды вадзіліся грошы. Мае бацькі часта пазычалі іх у яе, бо бацька быў студэнтам і на жыццё грошаў у сям’і не хапала. Свой дыплом ён атрымаў 28 чэрвеня, калі немцы падыходзілі да горада.

Калі прыйшлі немцы (я сама бачыла) , яны на легкавушцы прыкацілі за Міляй Іванаўнай , і афіцэры аддавалі ёй чэсць. Яна аказалася рэзідэнтам нямецкай разведкі і знаходзілася на нелегальным становішчы з часоў Першай Сусветнай вайны. Міле Іванаўне адвялі цэлы асабняк у цэнтры горада. Больш мы яе не бачылі. Сам Беніс стаў працаваць перакладчыкам. У яго былі дзеці Ліда і Ніна. Жонка яго (не памятаю, як звалі, здаецца, Клаўдзія) была п’яніцай і згарэла ад гарэлкі. Магчыма, яна ведала, хто такая Міля Іванаўна, і нейкая сувязь мужа з кватаранкай яе непакоіла, і свой страх і непакой яна залівала гарэлкай.

Калі горад гарэў, мы чамусьці ўсе былі на другім беразе Дзвіны. Ад дыму нечым было дыхаць. І дзецям клалі на твар змочаную ў рацэ хусцінку. За нашым гародам быў хлебзавод. Аховы ўжо не было, і жыхары нашай вуліцы запасаліся хлебам, мукой і алеем. Гэта дала магчымасць выжыць. У канцы вуліцы быў спіртзавод, і людзі цягалі адтуль спірт і дрожжы. Мой бацька прынёс толькі хлеб і алей. Хлеб сушылі на сухары. Гэтым ён нас выратаваў ад галоднай смерці, а сам загінуў на дарогах вайны.

Аднойчы я асмялела і выйшла пагуляць на вуліцу, не заўважыла, як да мяне падыйшоў немец у чорным мундзіры, схапіў мяне за руку і з крыкам павалок у гета. Яно знаходзілася недзе крыху збочыўшы з вуліцы ў бок Дзвіны. Гэты будынак былога гароднінасховішча на ўсё жыццё застаўся ў маёй памяці. Там было шмат людзей. Плакалі дзеці, разам з імі раўла і я. Яны былі з бацькамі, я ж, чатырохгадовая дзіця, была адна сярод незнаёмых людзей. І яны дзяліліся са мной апошнім кавалкам хлеба. Кожную раніцу маладыя мужчыны запрагаліся ў калёсы і вазілі ваду на хлебзавод. Там пяклі хлеб для нямецкіх вайскоўцаў. Не памятаю, колькі дзён я там была, але больш тыдня, пакуль не знайшла мяне мама. Яна прывяла суседзяў, якія сведчылі, што я не яўрэйскае дзіця, а сусед Рабаў Жэня назваўся маім бацькам.

У нашай кватэры пачала збірацца моладзь на вечарынкі, на якіх танчылі пад патэфон прыгожыя дзяўчаты. Верхаводзілі на іх сёстры Журынскія. Прыходзілі сюды і немцы. Я бачыла аднойчы, як адна з сясцёр Журынскіх трэсла кішэні п’янага немца і нешта хавала у свой бюстгалтар. Запомніўся мне Новы год. Дзяўчаты ахажвалі нейкага нямецкага афіцэра, напаілі яго да бяспамяцтва і паклалі ў кут пад ёлку, як нябожчыка, выпатрашыўшы перад гэтым яго кішэні. Нават крыж паставілі каля галавы. А тут пагрукалі у дзверы. Вось дзе было страху! Але прыйшоўшы немец, паглядзеўшы на "нябожчыка", сказаў, што трэба весці сябе больш асцярожна.
З гэтага часу ён стаў дапамагаць нашым, чым мог. Гэта быў нямецкі камуніст Карл Брушмідт. Я ж яго шукаю ўсё сваё жыццё.

За палову буханкі хлеба ў дзень мама працавала на хлебзаводзе. Тут партызаны сталі прыязджаць за хлебам. Аднойчы гэту справу выкрылі, і немцы прылюдна білі, паклаўшы на мяшкі з мукой, майго айчыма Жэню Рабава і яшчэ некалькі мужыкоў. Далі па 75 палак. Біў рыжы Ганс, якога ўсе баяліся. Пасля гэтага айчым доўгі час не мог хадзіць.

Аднойчы мы праснуліся ад страляніны. Немцы грукалі да нас у дзверы. Але ў нас нічога і нікога не знайшлі. Увесь наш ганак быў заліты крывёю. Немцы потым пайшлі па крываваму следу, які прывёў іх да дому Пашы Лісоўскага. Яны жылі ўдваіх з братам, бацькі іх рана паўміралі. Параненага знайшлі ў канапе і там жа застрэлілі. У тупіку стаяў вагон з мукой. Паша з сябрамі для партызан яе кралі. Ахова заўважыла іх і пачала страляць, яго ранілі ў нагу, астатнія ўцяклі. Каб не раненне, уцёк бы і ён. На нашым ганку ён, відаць, адпачываў, а можа думаў схавацца ў нас, можа грукаў да нас, а мы не чулі.

У хуткім часе я моцна захварэла, выратаваў мяне доктар Стож, якога прывяла адна з сясцёр Журынскіх. Лекі прыносіў Карл Брушмідт. Журынскія сказалі маме, што трэба ўцякаць, бо арыштавалі доктара Стожа. Майго выратавальніка немцы прылюдна павесілі. У вызначаны час і месца мама не прыйшла: я не магла хадзіць. Кінуць мяне на волю лёсу яна не змагла. У кнізе "Віцебскае падполле" расказваецца аб падпольнай яўцы на вуліцы Малаільінскай, пра сясцёр Журынскіх, а пра маму ні слова. А яна ж ахвяравала жыццём маім і сваім!

Па заданню падполля брат майго айчыма Мікалай пайшоў служыць у паліцыю. Аб гэтым ведалі толькі адзінкі. Ён даставаў дакументы патрэбныя, прыносіў важныя звесткі, ратаваў, дзе мог, людзей. Напэўна, і ў маім лёсе ён прыняў удзел.

Насупраць нашага дома стаяў дом Радчанкаў. У іх была вялікая сям’я. Памятаю, што ў іх было шмат дзяўчат. Аднойчы партызаны ці падпольшчыкі перарэзалі недзе тэлефонны провад. У гэты дзень старога Радчанку (у краязнаўчым музеі ёсць фота і звесткі пра яго) не было дома. Казалі,што ён лавіў на Дзвіне плыўшыя бэлькі на дровы. Але Гераськін (здаецца, Федзька, таксама з нашай вуліцы) данёс немцам, што стары перарэзаў провад. Яго арыштавалі і пасля катаванняў павесілі. Я была на пахаванні і ўсе там казалі, што ён вылаўліваў плывучыя па Дзвіне дровы. Як было на самай справе, я не ведаю. Федзьку за яго данос выдалі немцы нейкія грошы. Пасля гэтага яго праклінала ўся вуліца.

Калі Журынскія ўцякалі з горада ў партызаны, з імі павінна была ісці і наша суседка Каця Мудрова ці Вудрова, не памятаю. Яе звалі Каця — дачка Ваські-мясніка, ён да вайны працаваў мясніком. Калі я хварэла, то дзяўчына часта сядзела са мной, расказвала мне казкі, спявала песні. Я яе вельмі любіла. Ёй было шаснаццаць год. Была вельмі прыгожая. У яе быў каханы хлапец Мішка, з якім яна разам выбіралася з гораду. Ім не пашанцавала: немцы іх схапілі. Катавалі. Мішку расстралялі, а Кацю выратаваў сусед Мікалай Рабаў, што служыў у паліцыі. Хлопца выратаваць ён не змог. Пасля вайны Кацю судзілі, далі 10 гадоў турмы за тое, што засталася жыць, а Мішка загінуў.

Няшчасным быў і лёс Мікалая Рабава. Пасля вызвалення Віцебска, ваяваў з немцамі ў дзеючай арміі. Атрымаў шмат узнагародаў. Потым яго арыштавалі, адсядзеў 10 год. На добрую працу не мог нідзе ўладкавацца. З кляймом здрадніка пражыў усё астатняе жыццё. І толькі пасля смерці яго рэабелітавалі: знайшлі нейкія дакументы ці знайшліся тыя, хто пасылаў яго служыць у паліцыю. Аддана служыў Айчыне, рызыкаваў сваім жыццём, і яна яго "добра адзячыла". Дзецям яго вельмі цяжка было жыць з бацькавым кляймом. Іх дражнілі аднакласнікі. І колькі такіх герояў забыла Радзіма!

Лёс нашай сям’і быў таксама нялёгкім. Муж мамінай сястры Марусі Кавалёў Мікалай Пятровіч быў камандзірам партызанскага атрада. Немцы шукалі яго сям’ю, каб арыштаваць. Мама разам з братам Іванам прывезлі на саначках са Старага Сяла яе траіх дзяцей. Нехта данёс немцам, што Маруся з дзецьмі хаваецца ў нас. Можа, гэта зрабіў Беніс. Ніколі не забуду, як немцы вывалаківалі з хаты цёцю Марусю і дзядзю Івана, як крычалі мае сястрычкі і брат. Праз некалькі дзен забралі і нас, мы апынуліся ў Лепельскім лагеры. Аднойчы нечаканна да нас прыехаў дзядзя Коля, аб нечым шапталіся з айчымам. Потым ён пайшоў ад нас, а ўвечары некуды знік і мой новы бацька. А на наступны дзень каля нашага лагера ішлі немцы з сабакамі ў бок лесу. Усе казалі, што яны пайшлі на партызанаў, але яны іх не знайшлі.Партызаны былі папярэджаныя і зняліся са свайго лагеру.

Пасля вайны здраднікі атрымалі па заслугах. Начальнік паліцыі Туроўскі, які жыў недзе недалёка ад нас і ўвесь час нас рабаваў, быў асуджаны і расстраляны. Беніс памёр у КГБ у час допыту. У сваім аповедзе я расказала толькі аб тых жыхарах, якія былі звязаны з маёй мамай. Але я забыла прозвішчы іншых жыхароў вуліцы, хаця добра памятаю, дзе стаялі іх дамы і якія яны былі. Праз дзесяцігоддзі я наведала родную вуліцу і не пазнала яе. На месцы нашага дома і Мудровых—пустэча . Няма дома Радчанкаў, няма іх прыгожага сада. Няма дома Рабавых. На іх месцы стаіць магазінчык, у якім прадаюцца пахавальныя прыналежнасці. Няма той вуліцы, якую памятаю з дзяцінства, але яна жыве ў маёй памяці, у маім сэрцы. Мне вельмі хацелася, каб адгукнуліся тыя людзі, што жылі на вуліцы Малаільінскай у той час і дапоўнілі мае успаміны.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ