“Віцебск” упарта змагаецца за права застацца ў вышэйшай лізе

Трэці круг чэмпіяната віцебскія футбалісты пачалі не ў зайздросным становішчы –апошнія адзінаццаць сустрэч гэтага першынства каманда правядзе ў барацьбе за права застацца ў вышэйшай лізе. Учора віцябляне на сваім газоне прымалі брэсцкае “Дынама”, якое, як і ”Віцебск”, прэтэндуе на развітанне з вышэйшым дывізіёнам.

Цікава на працягу ўсяго матча глядзеліся абедзве каманды. Не было незразумелага перакатвання мяча і пустой траты часу. Супернікі былі накіраваны толькі на адно – на перамогу. Першая сур’ёзная небяспека ў гульні ўзнікла на 11-й хвіліне матча каля варот віцяблян. Мяч пасля ўдара нападаючага брэстчан Дзмітрыя Мазалеўскага трапіў у перакладзіну. А праз некалькі хвілін Аляксандр Дзегцяроў з лініі штрафной злёту наносіць удар у дальні вугал варот, і варатар “дынамаўцаў” не змог выратаваць сваю дружыну (1:0).

На стартавых хвілінах другога тайма напрошваўся мяч і ў нашы вароты. Госці двойчы з лёгкасцю ўваходзілі ў межы віцебскага варатара Юрыя Васюціна. У першым выпадку брэстчанам не дазволілі прабіць у створ варот. А вось у другі раз у іх атрымаўся небяспечны ўдар нізам, і Васюцін у падзенні перавёў мяч на вуглавы. І хто яго ведае, як бы далей разгортваліся справы на полі, калі б госці зраўнялі лік.

Пасля “Віцебск” адправіў мяч у сетку варот суперніка яшчэ двойчы. На 51-й хвіліне па варотах Вадзіма Дзеонаса прабівае Андрэй Баранок. Мяч трапляе ў гульца “дынамаўцаў” і адскоквае да Аляксея Тупчыя, які на лініі штрафной апрацоўвае яго і левай нагой пасылае ў вароты.

Галявой для віцебскай каманды была і 81-я хвіліна паядынка. Сяргей Глазюкоў навешвае ў штрафную суперніка, варатар гасцей у прыжку не дацягваецца да мяча, і ён трапляе на нагу Аляксея Краўчанкі і ляціць у вароты (3:0).

Пасля матча аматары праводзілі віцебскіх футбалістаў апладысментамі, а новы галоўны трэнер Аляксандр Сінкавец – шчырым рукапацісканнем.


Меткі: , ,

Падобнае

    1 каментар

    1. Cool&Gun  
      29/жнівень/2011 у 21:55

      "Пасля матча аматары праводзілі віцебскіх футбалістаў апладысментамі, а новы галоўны трэнер Аляксандр Сінкавец – шчырым рукапацісканнем."

      Каго? Чаго?

      P.S. Нешта не стасуецца...

    Каментаваць