У 2012 годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Глыбокім

У 2012 годзе горадам, які прыме Дзень беларускага пісьменства, стане Глыбокае. Нагадаем, што гэта рэспубліканскае свята, якое ўвасабляе адзінства беларускага друкаванага слова і гісторыі нашага народа, штогод адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Традыцыйна свята пісьменства праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах Беларусі, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў нашай радзімы.

Сёлета Дзень беларускага пісьменства прайшоў ўжо ў 18-ы раз, а прымаў яго райцэнтр Ганцавічы ў Брэсцкай вобласці. Раней сталіцамі свята былі Навагрудак, Тураў, Нясвіж, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Заслаўе, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі.

Віцебшчына будзе прымаць гэта свята ўжо ў пяты раз – двойчы яно праводзілася ў Полацку (у 1994 і 2003 гадах), Оршы (1998 год) і Паставах (2006 год).

Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы краіны, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Беларусі, замежныя дэлегацыі. Традыцыйна ў межах свята праходзіць навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" з благадатным агнём ад Труны Гасподняй.

Як правіла, у гарадах, дзе праводзіцца гэта свята, будуюцца новыя сацыяльна значымыя аб’екты, праводзіцца добраўпарадкаванне тэрыторыі і капітальны рамонт многіх будынкаў, ставяцца новыя помнікі. Так што ёсць вялікі шанец, што Глыбокае яшчэ больш папрыгажэе.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ