У Віцебскім заапарку пасялілася зорка цырку

Сёння ў Віцебскі заапарк прывезлі бурую мядзведзіцу. Яе завуць Руслана, і раней яна працавала ў цырку. Каб даставіць 8-гадовую драпежніцу на новае месца жыхарства, давялося выкарыстоўваць эвакуатар.

Як распавяла дырэктар заапарка Ірына Арлова, Руслана выступала ў цырку ў Маскве у заслужанага артыста Расіі Алега Красава. «Мядзведзіца – дрэсіраваная і раней была сапраўднай цыркавай зоркай. Але цяпер яна ўжо на «заслужаным адпачынку», і з цырка, які зараз знаходзіцца на гастролях у Віцебску, яе вырашылі аддаць у заапарк", – кажа Арлова.

Зараз цыркачка-"пенсіянерка" знаходзіцца на каранціне. Пакуль у яе не з’явіцца ўласны вальер, Руслана будзе жыць у асобнай драўлянай клетцы. На жаль, наведвальнікі яе пакуль не ўбачаць – бо клетка зачыненая.

Нагадаем, што нядаўна Віцебскі заапарк набыў камерунскіх авечак, у якіх ужо з’явіўся першы прыплод. А вось двухгадовы зубр, якога купілі ў Магілёве, пакуль яшчэ да нас не прыехаў. Спачатку для "цара пушчы" павінны пабудаваць вальер. Акрамя таго, на радасць маленькім і дарослым наведвальнікам тут збіраюцца набыць яшчэ адну насуху, кенгуру і львіцу – сяброўку для льва Марка, які пасяліўся ў Віцебску мінулай восенню.

Адміністарцыя Віцебскага заапарка выказвае падзяку індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Терзійскаму, які бясплатна прадаставіў эвакуатар для дастаўкі мядзведзіцы.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ