Дыназаўры і дыназаўрыкі ў віцебскай ратушы

Цікавую выставу прывёз у Віцебск самадзейны мастак Уладзімір Найбіч з горада Бяроза, што на Берасцейшчыне. На ёй можна ўбачыць муляжы дыназаўраў, зробленыя ў натуральную велічыню. Яшчары-гіганты вельмі падобны на сваіх дагістарычных родзічаў, але зусім не страшныя. Маленькія дзеці, якія прыходзяць разам з бацькамі ў абласны краязнаўчы музей на выставу “Парк юрскага перыяду”, у захапленні.

“Парк” з рэптыліямі заняў два музейныя залы. Каля кожнага з дзевяці дыназаўраў
стаяць шыльдачкі з апісаннем яго параметраў, арэала пасялення, звычак і смакавых пераваг. Тут можна “пазнаёміцца” з такімі пачваркамі, як крылаты птэразаўр, спіназаўр з вялікім ветразепадобным вырастам уздозж храбту, эйніёзаўр з рогам на носе, эўплацыфал з “булавой” на канцы хваста, сарказаўр, тыраназаўр рэкс і інш. Асобны «сюжэт» выставы – нараджэнне маленькага дыназаўрыка, дзіцяці індэзаўра, які вылупляецца з велізарнага яйка. Экспазіцыю дапаўняе костка маманта, знойдзеная ў Драгічанскім раёне на Брэсчыне.

Муляжы дыназаўраў Найбіч вырабляе з дапамогай металічнага каркаса, які пакрывае пенапластам, мантажнай пенай, гнуткім пластыкам. Затым «цела» рэптыліі шліфуецца і абцягваецца скуразамяняльнікам, дэрмацінам і фарбуецца алейнымі або акрылавымі фарбамі. Дэталі – сківіцы, зубы, вочы – робяцца з пчалінага воску або пластыка.

Каб «вылепіць» толькі маленькага дыназаўрыка, Уладзіміру спатрэбіліся два месяцы. Дамагае яму ўся сям’я – жонка Таццяна і трое дзяцей. Дарэчы, дыназаўрамі мастак захапіўся пасля нараджэння апошняга сына. Па ўсходнім календары гэта быў год Дракона. Бацька набыў дзіцяці набор дыназаўрыкаў і сам гуляў з малым. Так нарадзілася ідэя рабіць скульптуры гэтых рэптылій. Вывучыў спецыяльную літаратуру, і паступова з’явіўся «Парк юрскага перыяду». На яго стварэнне сыйшло тры гады. Затым Найбічы заняліся выставачнай дзейнасцю, і дыназаўры ў велізарных фургонах сатлі падарожнічаць па розных гарадах Беларусі. У калекцыі самадзейных мастакоў з Бярозы таксама ёсць макеты гіганцкіх матылькоў, жукоў і рыб, якія жылі ў дагістарычны перыяд.

Цікавая рэакцыя жыхароў Бярозы на захапленне іхняга земляка. У адным са сваіх інтэрв’ю Уладзімір Найбіч распавёў: “Я рэкса шпакляваў на двары, а яго галава выглядвала на вуліцу з-за плота. Ехаў мужык на ровары па дарозе, задумаўся, а потым галаву сваю павярнуў і ледзь было не зваліўся ад страху. А дзеці, калі на возера ідуць, то ўсё на наш плот, як вераб’і, садзяцца, назіраюць. Але наогул людзям падабаецца!”. А вось рэакцыя хатніх жывёл на дыназаўраў адваротная: “У Салігорску жанчына прыйшла на выставу з таксай. Бедны сабачка так гучна брахаў на ўсіх нашых дыназаўраў, што мы думалі – ён асіпне. Штосьці жывёлы адчуваюць...”

Убачыць насельнікаў юрскага перыяду ў Віцебску можна да 10 студзеня2012 года.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ