Зламілі суперніц

Кажучы словамі спартовага каментатара Уладзіміра Навіцкага, матч паміж жаночымі камандамі па гандболе “Віцебск-Ганна” і “Друць” выдаўся “валідольна-карвалольным”.

Дэбют матча быў за нашымі дзяўчатамі – разрыў у ліку ў тры мячы. Але далей у першым тайме для гаспадынь пляцоўкі пайшла суцэльная чорная паласа. Госці ўсталявалі парытэт і паступова завалодалі ўпэўненым лідэрствам. На нейкі момант перавага дружыны з Магілёўшчыны складала дзевяць мячоў.

Каманды пайшлі на перапынак з лікам 10:17. Напэўна, канчаткова паверыўшы ў перамогу сваіх падапечных, галоўны трэнер “Друці” ў другім тайме змяніў варатара. Аднак хвілін праз 15 яму давялося вярнуць былога брамніка. Атакі віцябчанак сталі больш выніковымі. Вера ў тое, што падапечныя Уладзіміра Наганава змогуць вырваць перамогу, з’явілася хвілін за дзесяць да завяршэння матча, калі адставанне ад гасцей складала некалькі мячоў.

Лік на табло зраўняўся пасля сяміметровага кідка, які ўдала выканала Анастасія Філарэтава (27:27). Далей лідэрства належала нашым дзяўчатам. Крыху больш чым за хвіліну да фінальнай сірэны пры ліку 31:29 ”Друць” атрымлівае права на сямімятровы кідок. Дзякуй Богу, мяч ляціць вышэй варот. А віцябчанкі за гэты кароткі адрэзак гульні паспелі правесці яшчэ адну выніковаю атаку (32:29).

З першай перамогай вас, дзяўчаты!


Падобнае

    1 каментар

    1. серый  
      25/Верасень/2011 у 13:57

      газмясочка газмясочка оставь соперниц без очка)

    Каментаваць