За кукіш пірага не купіш

Праспект Будаўнікоў сёння на палову дня можна было б у жарт перайменаваць у Бульбяны – машыны з “другім хлебам” расцягнуліся тут ад Лядовага палаца і амаль да тэлезавода. Бульбай і іншымі восеньскім дарамі гандлявалі на выставе-кірмашы навучальных устаноў Віцебскай вобласці.

На традыцыйным “студэнцкім” кірмашы людзей было, што семак у гарбузе. Гараджан гэтая акцыя штогод вабіць з двух прычын: па-першае, моладзь падыходзіць да продажу з крэатывам, па-другое, за сваю прадукцыю і сувеніры студэнты звычайна не бяруць дорага. Ну а сёлета многім пакупнікам здавалася, што яны перанесліся на машыне часу прынамсі на паўгады таму – такія тут былі танныя кошты.

Напрыклад, адзенне, пашытае навучэнцамі Віцебскага ДПТК, каштавала на 20-30% танней, чым у краме. Жаночае паліто за 162 тысячы, стылёвы касцюм за 120 тысяч вельмі хутка знаходзілі сваіх уладальніц. Шмат хто набываў вырабы цесляроў: за табурэт прасілі 40 тысяч, за драўляную лыжку і ўвогуле 3 тысячы рублёў. Зусім драбязу па сённяшнім часе каштаваў алюмініевы казан – 50 тысяч. Рэдка хто сыходзіў адсюль без якога-небудзь сувеніра, набытага таксама за “капейкі”.

І тым не менш, бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы. Віцебскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці адразу папярэджваў шыльдай каля касы: “За кукіш пірага не купіш”. Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй рэкламаваў і сваю прадукцыю, і вусную народную творчасць: “Не вырасце вялікае пуза, калі ў рацыёне кукуруза”, “Еш у волю буракі – пражывеш ты тры вякі” і г.д. Гародніна, якую прапаноўвалі глыбачане, разыходзілася вельмі хутка, бо была па нерэальна танных на сёння коштах: салодкі перац – 6 500 рублёў, морква – 1 500 рублёў, кілаграм фасолі – 12 000 рублёў.

Вялізная чарга выцягнулася каля палаткі Гарадоцкага прафесійнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. Здалёк можна было здагадацца, што тут стаяць па недарагое мяса. І дакладна: свіную выразку гарадоцкія гандляры прадавалі па 38 720 рублёў за кілаграм, свіна-ялавічны фарш – за 25 270 рублёў.

Жывы астравок сярод мяхоў з бульбай і капустай утварылі гандляры, якія прывезлі племянных трусоў. Вушасты тавар прадавалі па 25 тысяч за кілаграм жывой вагі. Але было дужа шкада глядзець, як прадавачка трымае за вушы белага палахліўца, узважвае, а тады содзіць яго ў мех да новага гаспадара. Адзін трусік дужа не хацеў пакідаць свой утульны загончык і нават адбіваўся ад пакупніка лапай…

На кірмашы можна было зрабіць не толькі пакупкі, але і навучыцца таму-сяму. Напрыклад, завязваць вузел булінь. Ці авалодаць майстэрствам карвінгу. Студэнты Аршанскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэю лёгкай прамысловасці плялі кошыкі. Нейкія вусатыя дзядькі са смехам лавілі кардонных рыбак і запрашалі да гульні ўсіх жадаючых. Відзаўскі тэхкаледж запрашаў на вушыцу і батоны… у выглядзе авечкі і птушкі. Віцебскі палац дзяцей і моладзі зладзіў на кірмашы сапраўдны фітабар.

Што тычыцца афіцыйнай часткі мерапрыемства, то яна скончылася надзіва хутка. Колькі слоў пра “тры задачы, якія мы ставім перад сабой”, сказаў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Падчас ягонай прамовы на ганку Палаца спорту стаяў шэраг людзей, перавязаных чырвонымі стужачкамі з надпісам “Ураджай 2011”. Як толькі чыноўнік скончыў выступ, яны хуценька сышлі з прыступак і тут жа паздымалі чырвоныя стужкі. Бачна, героі жніва не дужа любяць шум вакол сябе…


Меткі: ,

Падобнае

    5 каментарыяў

    1. ita  
      1/Кастрычнік/2011 у 20:21

      это только сегодня?завтра не будет?

    2. Яна Ільіна  
      2/Кастрычнік/2011 у 6:25 1

      @ ita:
      "Студэнцкі" кірмаш быў толькі ў суботу.

    3. torpedonosec  
      4/Кастрычнік/2011 у 1:16 2

      Что-то не отметились наши записные "всёпропальщики". Им видно, чтобы "умылись", всего на дом занесли. Довольныяяяя....

    4. Сесицкий Сергей  
      4/Кастрычнік/2011 у 9:04 3

      @ torpedonosec:
      на аўтамабіль Ухналёва, у якім таксама знаходзілася яго дачка Антаніна і член аргкамітэта па стварэнні "Беларускага руху" Вацлаў Арэшка, быў здзейснены напад 1 кастрычніка. З машыны забралі ўсе каштоўныя вещи.У Валерыя Ухналёва была выкрадзена буйная сума грошай, якую ён вёз у Літву, каб набыць лекі для сваёй хворай анкалагічным захворваннем жонкі. Медыкаменты купіць не атрымалася, грошы засталіся на руках, і ён вёз іх назад.
      -------------------------------------------------------------------------------------
      неужели пахан общак потратил и жалованье вашим уже перестал платить ?...форму дал,маски дал,номера списанные дал и вперед на большую дорогу?...метод у Папы Дока Дювалье переняли?

    5. torpedonosec  
      7/Кастрычнік/2011 у 19:40 4

      По факту нападения на автомобиль заместителя председателя Белорусской партии левых "Справедливый мир" Валерия Ухналева возбуждено уголовное дело "о хищении в особо крупных размерах". Об этом сообщил БелаПАН Валерий Ухналев.
      Лидер партии "Справедливый мир" Сергей Калякин 3 октября на пресс-конференции в Минске сообщил, что Ухналев при себе имел 12 тысяч долларов. "Деньги были заняты, однако лекарства купить он не смог. Можно предположить, что нападавшие прослушивали телефон и знали о деньгах, так как крупная сумма их не удивила. Да и вряд ли "Опель" 1999 года мог привлечь обычных бандитов", — сказал политик.
      ------------------------
      12 тыщ презиков на лекарства? Круто!
      А ваще, хай среди своих пошукают. До сих пор за выборы с народом не рассчитались. Видимо "караул устал" ждать и кормиться "завтраками".

    Каментаваць