Крыўдна, прыкра…

Інакш і не можа быць, калі твая каманда выкладаецца па максімуму, а перамагае ўрэшце супернік, ды яшчэ ў тры мячы.

Добрую частку часу ў першым тайме бабруйская “Белшына” ў сустрэчы з “Віцебскам” правяла ў абароне. Але гэта не перашкодзіла гасцям двойчы дабіцца поспеху. Так, на 8-й хвіліне Арцём Култышаў прастрэльвае ўздоўж віцебскіх варот, але ні мясцовы гулец, ні бабруйчанін не дацягнуліся да мяча. Здавалася, ён пакідае газон, аднак Ягор Зубовіч з нулявога вугла прабівае Юрыя Васюціна.

Павялічылі госці лік у пік націску нашымі футбалістамі на вароты “Белшыны”. Аляксандр Дзегцяроў робіць навес у штрафную апанентаў на Арцёма Васькова. Той не дацягваецца галавой да мяча, каб прабіць. Госці ж падхопліваюць мяч і па леваму краю развіваюць сваю атаку. Чарговы прастрэл уздоўж варот, удар – і 0:2. Двойчы не рэалізаваў свае шанцы ў гэтым тайме абаронца “Віцебска” Максім Гукайла. Спачатку ён атрымаў добрую магчымасць прабіць з адзінаццаціметровай кропкі – аднак удар прышоўся вышэй варот. Хвілін праз пяць Арцём Васькоў зрабіў на яго дакладную перадачу, і Максіму заставалася толькі прабіць, але мяч запутваецца ў ягоных нагах.

Яшчэ як мінімум двойчы нашы хлопцы ўсур’ёз вымушалі ўступаць у гульню брамніка гасцей. Але безвынікова. Другая палова матча, па сутнасці, нічым не адрознівалася ад першай. Госці спачатку завалодалі на пэўны час ініцыятывай і павялічылі лік. Ягор Зубовіч без перашкод наблізіўся да варот і прабіў у бліжні вугал ад варатара (0:3).

На здзіўленне, пасля трэцяга прапушчанага мяча масавага сыходу з трыбун не было. Далей “Віцебск” усімі сіламі атакаваў, але гледачы так і не дачакаліся гола ў вароты ”Белшыны”.

Цяперака турнірнае становішча віцяблян стала яшчэ горш. Гродзенскі “Нёман” перамог “Нафтан” (1:0) і па ачках падраўняўся з “Віцебскам”. У наступным туры, калі віцябчане прайграюць, а гродзенцы са сваім супернікам згуляюць хаця б унічыю, то нашых хлопцаў чакае 11-ты радок.


Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць