Не хапіла некалькі мячоў

У гасцявой сустрэчы 1/8 фінала Кубка Беларусі наваполацкі мужчынскі гандбольны клуб імені Лёвіна саступіў камандзе “Вікторыя-Рэгія” з Мінскай вобласці. Каб працягнуць барацьбу за Кубак, навапалачанам у хатняй гульні неабходна было як мага меней прапускаць і выйграваць з розніцай як мінімум у восем мячоў.

Першы тайм праходзіў практычна ”мяч у мяч”. Толькі напрыканцы гэтага адрэзку сустрэчы наваполацкім хлопцам удалося ўсталяваць перавагу ў тры мячы. Да сярэдзіны другога тайма гаспадары павялічылі розніцу галоў да пяці. Праўда, ненадоўга. Зарабіўшы два ўдаленні, навапалачане засталіся ўчатырох супраць шасці. І гэта дазволіла камандзе з Міншчыны на пэўны час прыпыніць іхні рух наперад.

…Дзве хвіліны да заканчэння матча. Лідэрства гаспадароў – шэсць галоў. Наваполацкі гулец – на кропцы сяміметровага кідка. Добрая магчымасць усталяваць перавагу ў сем мячоў. А там і да восьмага недалёка. Гледачы падбадзёрваюць гандбаліста апладысментамі. На жаль, ён не перайграе варатара “Вікторыі”. У астатні час дружыны абмяняліся галявымі атакамі.

Навапалачане хоць і перамаглі (34 :28), але патрэбнай планкі яны не дасягнулі. Такім чынам, у наступны рауд Кубка Беларусі выйшла дружына з Міншчыны – “Вікторыя-Рэгія”.

Наваполацкая каманда хатнія матчы чэмпіяната краіны па гандболе праводзіць у спартовым комплексе Віцебскага кадэцкага вучылішча ў Лужасна.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ