“Лакаматыў-КіС” упэўнена заваяваў пуцёўку ў “Фінал чатырох”

Учора ў Віцебскім цэнтральным спартовым комплексе завяршыўся адборачны этап Кубка Беларусі па баскетболе сярод мужчынскіх каманд. Апошнім акордам гэтага этапа ў групе “В” стала сустрэча фаварытаў – віцебскага “Лакаматыва-КІС” і “Асіповічаў”. Да гэтага матча каманды атрымалі па дзве перамогі і гарантавалі сабе выхад у фінальную частку спаборніцтваў.

Самай складанай для нашых землякоў у гэтым матчы выдалася другая чвэрць. У ёй большую частку “чыгуначнікі” былі вымушаны даганяць суперніка. Урэшце незадоўга да перапынку віцябчане ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і выйшлі наперад (34:30).

Падчас перапынку група маладых актыўных заўзятараў раздала гледачам на адной з трыбун набытыя за свой кошт жоўтыя і зялёныя шарыкі, колер якіх адпавядае форме “Лакаматыва-КІС”. Мясцовыя баскетбалісты не пакінулі такую падтрымку без увагі. І ў апошніх дзвюх чвэрцях аддзячылі гледачоў упэненай гульнёй і вікторыяй са значнай перавагай (80:56).

Гэта гульня мела для віцябчан прынцыповы характар – у мінулым чэмпіянаце ў рашаючай сустрэчы за бронзавыя медалі “Лока” саступіў асіповіцкай дружыне з крыўдным лікам 83:86.

Такім чынам у “Фінал чатырох” у групе “А” выйшлі “ Мінск-2006” і “Гродна-93”. Нашу групу ўзначаліў “Лакаматыў-КІС”, які атрымаў тры перамогі. За ім “Асіповічы” з дзвюма вікторыямі. Сёлетні склад “Фінала чатырох” нічым не адрозніваецца ад мінулагодняга. Нагадаем, што летась у розыгрышы Кубка Беларусі “Лакаматыў-КІС” заваяваў серабро, абыграўшы ў паўфінале “Гродна-93”, а ў фінале саступіўшы “Мінску-2006”.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ