ФК “Віцебск” пакінуў зону вылета

Перайграўшы ўчора на сваім газоне “Мінск”, віцябчане пакінулі зону вылета і вымусілі гасцей паменяцца месцамі ў турнірнай табліцы.

Першы тайм прайшоў без асаблівай працы для брамнікаў. Хоць не абышлося і без вострых момантаў. Іх было больш ля варот мінчукоў. Неблагую магчымасць для ўзяцця варот сталічнай дружыны меў Арцём Васькоў, які атрымаў добрую магчымасць прабіць з вугла штрафной, але мяч пасля яго ўдара праляцеў у метры ад дальняй стойкі. Андрэй Барадок расстрэльваў Артура Лесько метраў з 15-ці – мяч праляцеў трохі вышэй перакладзіны. Ігар Слесарчук выводзіў на спатканне з варатаром Арцёма Скітава. Але вартаўнік брамы быў на мячу першым.

Адзіны гол у сустрэчы быў забіты на старце другога тайма. Уладзімір Мароз пасля перадачы з правага фланга ўдала закруціў мяч на дальнюю штангу. Пасля гэтага Уладзімір яшчэ не раз турбаваў сваімі ўдарамі варатара гасцей. Не вельмі спакойна было і каля брамы Юрыя Васюціна. Але для гаспадароў поля ўсё абышлося (1:0).

Зараз падапечныя Аляксандра Сінкаўца на 10-м радку з 31-м ачком. За імі “Мінск”, які набраў 30 балаў.

Да заканчэння першынства краіны засталося чатыры туры. Ці пазбегне “Віцебск” стыкавых матчаў, пакуль незразумела. Наперадзе ў яго сустрэчы з БАТЭ, “Тарпеда”, ”Неманам” і “Дняпром”, які замыкае турнірную табліцу.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ