Лістапад у “Кароне”: кошты на прадукты харчавання

Лістападаўскія кошты на прадукты харчавання ў Віцебску карэспандэнтка “ННВ”, натуральна, адправілася вывучаць у самую новую і самую буйную краму, якая “ўкаранавала” сабой вялізную пустэчу на ўскрайку абласнога цэнтра.
В Витебске открылся гипермаркет «Корона». Фото Сергея Серебро

Да “Кароны” людзі ўжо прызвычаіліся. “Усё, паспакайнеў народ, такога ажыятажу ўжо няма, як у першыя дні пасля адкрыцця”, – гледзячы на краму за вакном аўтобуса, паведаміў свайму сябру адзін з пасажыраў. Хаця народу ў гіпермаркеце, канешне, хапае. Напрыклад, калі я ўжо выйшла з крамы і ішла на прыпынак, каб ехаць дадому, аўтобус №11 “прывёз”, мо, чалавек 30 новых пакупнікоў.

Зараз пра кошты на традыцыйны спіс прадуктаў, якія “ННВ” падае ў якасці асноўных, пачынаючы са жніўня. У дужках для параўнання прыводзім кошт на гэтыя ж самыя тавары месяц таму, у кастрычніку, толькі ў краме “Веста”.

Малако (3,5%, 1 л, поліэтыленавы пакет) – 2 290 рублёў (2 180 рублёў)

Смятана (26%, 0,4 л) – 6 330 рублёў (5 270 рублёў, 0,5 л)

Масла сметанковае (72,5%) – 8 210 рублёў (6 380 рублёў)

Сыр “Галандскі” – 34 310 рублёў (28 420 рублёў)

Тварог (10%, 200 г) – 2 990 рублёў (2 260 рублёў, 9%)

Яйкі – былі толькі ва ўпакоўцы, дзясятак самых танных па кошце 9 380 рублёў (6 730 рублёў)

Алей “Золотая семечка” – 20 120 рублёў (аднак быў і “Кум” па 16 340 рублёў)

Хлеб “Потемкинский”, 0,84, упакаваны – 4 570 рублёў

Цукар, у папяровым пакеце – 7 000 рублёў (6 000 рублёў)

Гарбата “Хэйліс” (чорная, 100 г) – 14 040 рублёў

Кава Nescafe Classic (100 г) – 27 680 рублёў (33 220 рублёў у кастрычніку ў “Весце”)

Курыца (тушка бройлера, 1 кг, фабрыка “Ганна”) – 25 550 рублёў (гэткі ж самы кошт быў і месяц таму)

Мяса – (свініна, карэйка) – 53 900 рублёў

Рыба (хек) – 41 900 рублёў, карп – 18 170 рублёў

Рыс (900 г, апрацаваны парай) – 11 340 рублёў

Грэчка (Расія, 800 г) – 16 440 рублёў (наогул было 7 гатункаў грэчкі, па кошце ад 14 470 да 24 320 рублёў)

Макароны (“Макфа”, Расія, 500 г) – 9 070 рублёў

Мука “Лидская” (вышэйшы гатунак, 1 кг) – 3 510 рублёў (3 110 рублёў)

Соль “Беларуская” – 1 050 рублёў

Гарэлка “За удачу” (0,5 л) – 17 020 рублёў (15 990 рублёў – у кастрычніку; 11 340 рублёў – у верасні)

Яблыкі – (Польшча) – 10 280 рублёў (столькі ж каштавалі і ў кастрычніку)

Бананы – 12 370 рублёў

Апельсіны – 17 620 рублёў (13 850 рублёў)

Лімон – 13 190 рублёў (16 510 рублёў)

Вінаград – 24 520 рублёў (17 920 рублёў)

Ківі – 20 210 рублёў (17 040 рублёў)

Памідоры – 12 060 рублёў (7 320 рублёў)

Агуркі – не было ў продажы (і гэта ў "Кароне"!)

Капуста – 960 рублёў (1 170 рублёў)

Цыбуля – 3 710 рублёў (3 750 рублёў)

Морква – 2 750 рублёў (3 350 рублёў)

Бульба – 2 200 рублёў (2 480 рублёў)

Буракі – 1 930 рублёў (2 060 рублёў)

Часнок (Кітай) – 21 620 (19 430 рублёў)

Сёння гіпермаркет можна было ўжо разгледзіць спакойна, без чалавечага вэрхалу, які там панаваў у дзень акрыцця. Кінулася ў вочы, што тут больш выгадна купляць шакалад: Alpen Gold можна набыць за 7 470 рублёў, Nestle – за 8 210 рублёў, “Спартак” – за 6 390 рублёў. Яшчэ ў гіпермаркеце насамрэч вялікі выбар спіртных напояў. Для аматараў глазіраваных сыркоў – мо, відаў 30 гэтай салодкай прадукцыі. Яшчэ на паліцах стаіць шмат даражэзных замежных вяршкоў ад 10% да 33%, але пры гэтым не было пастаўскіх вяршкоў па недарагім кошце – крыху болей, чым 5 тысяч. Ад паліц з мукой чакала большага выбару. Для патрыётаў тавары ў “Кароне” пазначаны асобнымі цэтлікамі – за надпісам “Прадукцыя Віцебскай вобласці” і гербам “Пагоня”.

У параўнанні з кастрычнікам, патаннела сезонная гародніна - морква, белакачанная капуста, бульба, буракі.

У адрозненні ад першага дня, калі побач з паліцамі з экзатычнай садавінай і гароднінай стаяў натоўп і разглядаў паўднёвыя вітаміны як музейныя экспанаты, сёння тут было пуста. Праўда, давялося пачуць такі дыялог: “Ой, ну что это за инжир? – Да, действительно, мелкий, недоделанный какой-то». Гэта казала адна сяброўка другой. На вялікім саламяным блюдзе сіратліва ляжалі і сапраўды дробненькія чатыры інжырыны па кошце 103 310 рублёў за кілаграм.

Віцебскія людзі зараз ездзяць у “Карону” як на экскурсію. (Гэта падобна на тое, як многія правінцыялы ў Мінску лічаць сваім абавязкам наведаць Нацыянальную бібліятэку). А пасля расчаравана кажуць: “Крама й крама, самая звычайная, толькі вялікая”.

З аднаго боку дарогі на выяздзе з Віцебска еўрапейскі шык пад аранжавай каронай. А з другога – вясковая ідылія: агромністыя яміны побач з тратуарам, а крыху далей гуляе вецер у чыстым полі і пасвіцца конь…

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ