Габелен з Быкавым у выкананні віцебскай мастачкі Святланы Баранкоўскай узнагароджаны на трыенале ў Маскве

Вядомая віцебская мастачка Святлана Баранкоўская нядаўна прывезла ўзнагароду з першай расійскай трыенале сучаснага габелена “Квадратны метр – свая прастора”, якая з верасня па 7 лістапада праходзіла ў Дзяржаўным музеі-запаведніку “Царыцына” ў Маскве.
Габелен “Апостал” з партрэтам Васіля Быкава. Фота Сержука Серабро

Перамогу ў намінацыі “Паэтыка вобраза” атрымаў габелен “Апостал”. Гэту працу, выкананую ў традыцыйнай тэхніцы габелана, мастачка прысвяціла “апосталу беларускай нацыі” – пісьменніку Васілю Быкаву. Акрамя гэтага твора, С.Баранкоўская дасылала на выставу яшчэ дзве свае працы – “Новая зямля” (таксама памяці Быкава) і “Меч Святагоркі” ў гонар Эміліі Плятэр.

Як распавяла “ННВ” Святлана Баранкоўская, журы ацэньвала каля 350 прац 250 аўтараў з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама мастакоў з Беларусі, Украіны, Малдовы, Казахстана і краін Балтыі. За паўтара месяца выставу наведала больш за 7 тысяч чалавек. 7 лістапада адбылося ўзнагароджанне пераможцаў трыенале. “Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што габелен ёсць нават у якутаў”, – падзялілася ўражаннем спадарыня Святлана.

Святлана Баранкоўская побач з габеленам “Апостал”. Фота Сержука Серабро

“Творы Святланы Баранкоўскай падобны на маленькія адкрыцці: яны не проста нясуць гледачу новыя вобразы, яны адраджаюць духоўна-маральныя каштоўнасці нашых продкаў. Такое мэтанакіраванае ўздеянне немажліва без стварэння асаблівай выразнай знакава-сімвалічнай мовы. Асаблівы падыход да мастацтва габелену (спляценне як традыцыйных, так і наватарскіх тэхналогій ткацтва; глыбокае пераасэнсаванне і пранікненне ў тэму, асаблівая аўтарская манера выканання) вылучае яе як адну з лепшых майстроў беларускага сучаснага габелену», – лічыць мастацтвазнаўца Наталля Паўленка.

Сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна побач з габеленам “Апостал”. Фота Сержука Серабро

І сапраўды: пастаянныя наведвальнікі выстаў ў Віцебску, канешне ж, памятаюць гэтыя “маленькія адкрыцці”, якія дорыць гледачу Святлана. Да прыкладу, шыкоўную вялікую “Пагоню” на кветкавым полі, габелены з Янкам Купалам і іншымі вядомымі беларусамі, вытканую выяву Багародзіцы і інш. У іх – святло Беларусі, яе веліч, прыгажосць і адметнасць ад іншых краін. Вельмі цікавыя і жывапісныя творы мастачкі.

Даведка “ННВ”: Святлана Баранкоўская скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Сябра Саюза мастакоў Беларусі і Саюза дызайнераў Беларусі.
Пастаянная ўдзельніца гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Украіне, Расіі, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Ізраілі.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ