У паўночным супрацьстаянні ХК “Віцебск” выйшаў пераможцам

Трыма ачкамі папоўнілі сваю скарбонку віцебскія хакеісты, абыграўшы на выездзе наваполацкі “Хімік-СКА”.
Матч “Хімік-СКА” – “Віцебск”. Фота Ігара Мацвеева

Нягледзячы на тое, што першы перыяд завяршыўся з лікам 1:2 на карысць віцяблян, гэты адрэзак гульні выдаўся для нашых землякоў вельмі складаным. Гаспадары ільда аказвалі сур’ёзны ціск на браму Артура Лук’янава і аднойчы ў большасці дабіліся поспеху. Пераламіць ход гульні нашым хлопцам удалося дзякуючы удаленням, якіх “Хімік-СКА” нахапаў хвілін за пяць да першага перапынка. Гуляючы ў большасці, “Віцебск” не толькі зраўняў лік, але і выйшаў наперад. Парытэт усталяваў Данііл Арлоў. Каб зафіксаваць узяцце варот пасля кідка Данііла, галоўнаму рэферы Андрэю Васько давялося звярнуцца да відэапрагляда. Праз невялічкі час наперад сваю дружыну вывеў Павел Волчак.

Матч “Хімік-СКА” – “Віцебск”. Фота Ігара Мацвеева

У другім перыядзе у навапалачан хоць і не атрымлівалася дзейнічаць так напорыста, як у першыя 20 хвілін, але яны двойчы дабіліся поспеху, і заключную трэць матча каманды пачалі пры ліку 3:2.

Матч “Хімік-СКА” – “Віцебск”. Фота Ігара Мацвеева

На шчасце віцебскіх заўзятараў (а іх у Наваполацк прыехала чалавек 20), трэці перыяд быў за “мядзведзямі”. Яны зноў зраўнялі лічбы на табло і павялі ў ліку. Больш чым за хвіліну да фінальнай сірэны “Хімік-СКА” мяняе варатара на шостага гульца. Мясцовыя трыбуны актыўна падбадзёрваць сваіх хакеістаў. Шайба гасцюе ў зоне віцяблян. Камусьці з віцебскай дружыны ўдаецца выкінуць яе адтуль. Шайба скальзіць па ільду ў асірацеўшыя вароты гаспадароў, але спыняецца побач з лініяй. “Хімік-СКА” ідзе на апошні штурм, каб перавесці гульню ў овертайм, але безвынікова. 3:4 – перамога за “Віцебскам”!


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць