У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе

Ці ведаеце вы, без якога музычнага інструменту не абыходзілася ніводнае беларускае свята, гулянне, кірмаш, прадстаўленне батлейкі, ваярскі паход і нават хаўтуры? Такой прыладай для нашых продкаў з’яўлялася дуда. А дудар быў ці не галоўным персанажам беларускага космасу. Аб гэтым даведаліся ўсе, хто прыйшоў 9 студзеня ў “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” на вечарыну, прысвечаную гэтаму аднаму з самых старажытных нацыянальных інструментаў.
У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

Імпрэза адбылася ў межах праекта “Тыдзень дударскай музыкі ў Беларусі” пры фінансавай падтрымцы Дэпартамента інфармацыі і культуры амбасады ЗША і этнагістарычнага цэнтра “Явар”. А правялі вечарыну акцёры “Шальмоўскага тэатра ДыГрыза” з Мінска. Спачатку ўдзельнікам прапанавалі паглядзець фільм пра дуду, а затым быў майстар-клас па старажытных танцах і дыскатэка. Ну, канешне ж, пад дуду!

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

Свята гэтае можна назваць перасоўным, бо “Шальмоўскі тэатр ДыГрыза” ездзіць па гарадах краіны і ўсюды праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на адраджэнне дуды. Пры гэтым “шальмоўскія” акцёры ладзяць свае вечарыны так, што людзі зусім незаўважна для сябе і абсалютна нязмушана пачынаюць любіць і разумець гэты чароўны інструмент, які быў асалодай для душы ў старажытных беларусаў.

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

Асабліва прыгожа ды ўдала “дудзець” пра дуду атрымліваецца ў дырэктара тэатра Аляксея Бурносенкі. Ён і грае, і байкі распавядае, і жартуе, і сур’ёзныя рэчы кажа. Да прыкладу, на думку Аляксея, дуда, “калі прыдзе час, можа стаць адным з сімвалаў Беларусі”. На карысць гэтага сведчаць хаця б такія факты. Неяк Бурносенка выступаў на навагоднім “карпаратыве” ў Маскве. І быў ён там не проста Дзедам Марозам, а Дзедам Марозам з дудой. “І гэта прыцягнула такую ўвагу! Усе адразу прыбеглі глядзець, што за Дзед Мароз такі незвычайны! А ты героем-алімпійцам сябе адчуваеш!” – узгадвае акцёр. А падчас вандровак тэатра па гарадах Еўропы, па словах Аляксея, “дуда там збірае плошчы”: “Яна адразу забівае ўсякія там скрыпачкі, на якіх мясцовыя музыкі граюць Моцарта, Бетховена і, не дай Бог, Баха. Прыходзім мы з дудой – і гэтыя скрыпачы сыходзяць, бо іх ніхто ўжо не слухае”.

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

А каб вы пераканаліся, што дуда разам з буслам, бульбай, лёнам, блакітнымі азёрамі, сінім небам, зялёным лесам, залатым полем (спіс можна працягваць да бясконцасці, і кожны можа дадаць сюды нешта сваё), і сапраўды можа прэтэндаваць на званне сімвала Беларусі, прыводзім некалькі цікавых звестак, пачутых на вечарыне:

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

Першую згадку пра дуду ў старабеларускай літаратуры можна знайсці ў “Аповесці пра трох каралёў-валхвоў” (канец XV стагоддзя).

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

На дудзе гралі ў найважнейшыя святы і падзеі ў жыцці чалавека: на Каляды, Вялікдзень, вяселле, радзіны і хаўтуры. У некаторых беларускіх міфах дудары выступалі ў якасці шамана ці старажытнага святара. А Вацлаў Ластоўскі апісваў нават паданне, у якім дудар памірае, трапляе на неба і іграе там для самога Бога.

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

Дудары былі такімі важнымі людзьмі, што траплялі ў афіцыйныя дакументы і нават у пералік падаткаплацельнікаў.

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

Выява дуды ёсць у беларускай іканаграфіі – на абразе “Узнясенне Іісуса Хрыста”, што знаходзіцца ў царкве ў вёсцы Экімань Полацкага раёна, можна ўбачыць анёла з гэтым музычным інструментам.

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

Найстарэйшая з захаваных беларускіх дудаў захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Гэта традыцыйная беларуская дуда 1877 года Паўночнабеларускага рэгіёну. Апошні раз на ёй гралі ў вёсцы Верабкі на Лепельшчыне.

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро

У Віцебску адбылася вечарына, прысвечаная беларускай дудзе. Фота Сержука Серабро


Меткі: , ,

Падобнае

    3 каментарыя

    1. Shanibor  
      10/студзень/2012 у 14:13

      Дзякуй за артыкул! =)

    2. Licvin  
      12/студзень/2012 у 23:35 1

      Дзякуй за артыкул...
      Добрая падзея, толькі неяк шырэй рэкламаваць трэба. Я б з сынкам таксама схадзіў...

    3. Shanibor  
      19/студзень/2012 у 19:10 2

      @ Licvin:
      http://vkontakte.ru/event34148213 Вось наступнае

    Каментаваць