У ратушы адкрыта выстава «У пошуках Антлантыды. Смаляны»

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі 13 студзеня адкрылася выстава “У пошуках Атлантыды. Смаляны” па выніках аднайменнага мастацкага пленэра, які прайшоў у гэтым паэтычным мястэчку на Аршаншчыне ў ліпені мінулага года.
Выстава «У пошуках Антлантыды. Смаляны». Фота Яны Ільіной

Тады ў Смаляны з’ехаліся 26 прафесійных і маладых мастакоў з розных гарадоў Беларусі – Віцебска, Мінска, Гомеля, Шаркаўшчыны, Наваполацка і Рагачова. Пленэр арганізавалі дзве палачанкі – паэтка і бард Лера Сом і мастачка Кацярына Мяснікова. Сваю Атлантыду беларускія мастакі шукалі ўжо ў сёмы раз: ідэя гэтага праекту – у захаванні і адраджэнні нашай гістарычнай спадчыны.

Выстава «У пошуках Антлантыды. Смаляны». Фота Яны Ільіной

Першымі, хто ацаніў працы мастакоў, сталі жыхары Смалянаў. Канешне ж, гэтая знакамітая вёска невыпадкова стала месцам правядзення мастакоўскай імпрэзы. Бо тут захвалася мноства гістарычных помнікаў. Гэта і блакітная, дзвюхвежавая Спаса-Прэабражэнская царква – адзіная ў Беларусі, якая мае верхні храм з дрэва, а ніжні – з каменя. Гэта і маляўнічыя руіны – рэшткі замка “Белы Ковель”, дамініканскага кляштара з касцёлам Святой Марыі, Свята-Аляксееўскай царквы. У Смалянах таксама знаходзіцца магіла беларускага паэта, рэвалюцыянера і навукоўцы Тамаша Зана.

Выстава «У пошуках Антлантыды. Смаляны». Фота Яны Ільіной

Гэтаму дзеячу беларускай гісторыі прысвяціла сваю працу віцебская мастачка Святлана Баранкоўская. Спадарыня Святлана падзялілася з “ННВ” сваімі ўражаннямі ад пленэру: “Смаляны – гэта чароўнае месца, куды цягне і цягне. Там я рабіла эцюды, а таксама аглядала, начытвала, наўдыхала ўсё, што там было. А пасля, натхнёная гэтымі цудоўнымі мясцінамі, – ужо ў сваёй майстэрні – стварыла “Партрэт Тамаша Зана”. Шкада, што мала хто на Беларусі зараз памятае, хто гэта такі. Калі я стала вывучаць матэрыялы пра яго і ўбачыла вось гэты профіль, то проста закахалася ў Тамаша Зана. Тым больш, што зараз я раблю серыю, прысвечаную выбітным літаратарам Беларусі. І вельмі хочацца, каб яго імя, як і імёны Язэпа Драздовіча, Эміліі Плятэр, было паднята з небыцця, каб яно гучала на Беларусі не меней, чым у Польшчы”.

Увогуле выстава ўражвае колькасцю вельмі глыбокіх і ўдумлівых, прыгожа-лірычных прац. Нейкі мужчына ў гадах, перад тым як падняцца на вернісаж, аддаваў сваё паліто гардэробшчыцы і казаў: “Вырашыў прыйсці, паглядзець, што за выстава такая. Чуў, што ў ёй удзельнічаюць нейкія падазрона маладыя мастакі”. Ад сябе дадам: і падазрона таленавітыя.

Плануецца, што, акрамя віцяблян, выставу ўбачаць жыхары Оршы, Наваполацка, Мінска. Магчыма, трапіць яна ў Гомель і Бабруйск.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ