У абласной бібліятэцы прайшла выстава кніг-навінак

У фае Віцебскай абласной бібліятэцы 2 лютага цэлы дзень працавала выстава-прагляд кніг-навінак, якую падрыхтаваў аддзел абанементу.
У абласной бібліятэцы прайшла выстава кніг-навінак. Фота Яны Ільіной

Як распавяла “ННВ” загадчыца гэтага аддзела Лілія Макаранка, падобныя акцыі праходзяць у бібліятэцы ўжо трэці год запар. Гэтым разам бібліятэкары прапанавалі на выставе больш за 300 выданняў на любы чытацкі густ. Тут былі кнігі па псіхалогіі і здароваму ладу жыцця, сучасная руская і замежная літаратура, фантастыка, фэнтэзі, дэтэктывы, так званыя “любоўныя раманы” і інш.

У абласной бібліятэцы прайшла выстава кніг-навінак. Фота Яны Ільіной

Толькі ў першай палове дня такой формай абслугоўвання скарысталіся больш за сто наведвальнікаў. Адну ці дзве кнігі можна было ўзяць дадому. А на самыя папулярныя выданні ішоў запіс – чытачы запісваліся ў чаргу на аркушыку, які ляжаў пасярод старонак упадабанай кнігі.

У абласной бібліятэцы прайшла выстава кніг-навінак. Фота Яны Ільіной

“Паколькі 2012 год абвешчаны ў нашай краіне Годам кнігі, то на першым плане ў нас беларускія кнігі. Адна з самых каштоўных на сённяшняй выставе – кніга “Назаві сына Канстанцінам” Леаніда Дайнекі. На мой погляд, цікавыя і кнігі беларускіх аўтараў на рускай мове: раман “Гонитва” Нікі Ракіцінай, заснаваны на легендах і паданнях Вялікага Княства Літоўскага, а таксама зборнік мастацкіх біяграфічных нарысаў пра вядомых асоб ХІХ стагоддзя “Луна невенчальная” Мікалая Сердзюкова. Карыстаюцца поспехам у чытачоў і кнігі “Сто асоб беларускай гісторыі” і “Сто асоб беларускага спорту” Анатоля Мяснікова. Адразу ж з выставы сёння забралі кнігу Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа “Беларусь далетапісная”, якая распавядае аб месцазнаходжанні старажытнай краіны Артанія і яе суаднясенні з сучаснай Беларуссю”, – паведаміла Л.Макаранка.

Па яе словах, штомесяц у аддзел абанементу абласной бібліятэкі трапляе прыкладна ад 10 да 100 новых кніг.

Да слова, ужо пачаў працаваць аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, у які ператварыўся зараз былы аддзел беларускай літаратуры (пра гэта “ННВ” пісалі раней).

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ