Віцебскія чыноўнікі зноў стануць на лыжы

У парку Мазурына заўтра, 18 лютага, у 11 гадзін пачнецца традыцыйнае культурна-спартыўнае свята “Віцебская лыжня-2012”. Нагадаем, што мерапрыемства штогод адбываецца ў межах рэспубліканскай спартыўнай акцыі “Беларуская лыжня”. Галоўнымі на гэтых гонках заўсёды з’яўляюцца чыноўнікі і начальнікі розных рангаў.
Витебская лыжня-2010. Фото Сергея Серебро

Чакаецца, што цырымонія ўрачыстага адкрыцця “Віцебскай лыжні-2012” пройдзе з удзелам кіраўнікоў вобласці і горада. Свой спартовы імпэт і фізічную форму заўтра тут пакажуць супрацоўнікі гарвыканкама, адміністрацый раёнаў Віцебска і выканкамаў з рэгіёнаў Віцебшчыны. У эстафеце таксама прымуць удзел каманды з розных працоўных калектываў і навучальных устаноў вобласці.

Каб гараджанам было зручна дабірацца да “лыжні”, заўтра з 9.00 да 16.00 будуць хадзіць дадатковыя рэйсы аўтобусаў па маршрутах “Смаленскі рынак – Мазурына”, “Мікрараён “Поўдзень-7” – Мазурына” і “Мікрараён “Білева-1” – Мазурына”.

Але на свята запрашаюць не толькі аматараў лыжных гонак. У парку будзе працаваць палявая кухня, іграць ваенны аркестр, спяваць самадзейныя артысты. Адбудуцца паказальныя выступленні навучэнцаў конна-спартыўнай школы «Пегас», дэсантнікаў, выратавальнікаў, парашутыстаў і супрацоўнікаў УУС аблвыканкама. Пройдзе конкурс лядовых і снежных фігур сярод школьнікаў.

Арганізатары таксама падрыхтавалі спаборніцтвы па міні-футболу на снезе, лыжнай эстафеце, снежным валейболе, паласе перашкод, перацягванню каната, шашках, шахматах, дартсу, армрэслінгу, гіравым спорце і інш. У свяце павінны ўзяцт удзел і аматары зімовага плавання. І, канешне ж, будзе працаваць пункт пракату спартыўнага інвентара. Так што на лыжах зможа пакатацца кожны – надвор’е заўтра абяцаюць цудоўнае!

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ