ХК “Віцебск” разграміў “Хімік-СКА”

Шанцы каманд Віцебшчыны трапіць у гэтым сезоне ў плэй-оф – мізэрныя. Па сутнасці, дружыны Прыдзвіння зараз вядуць барацьбу за дзявяты радок турнірнай табліцы.

Учора ў Віцебску адбылася апошняя сустрэча паўночных клубаў у гэтым чэмпіянаце. З лікам 7:2 «мядзведзі» перамаглі суседзяў не толькі па геаграфічным становішчы, але і па турнірнай табліцы.

Разгром навапалачан пачаўся ў другім перыядзе. Пры ліку 2:1 на старце другой трэці госці атрымалі права на буліт. Але лічбы на табло яны не змянілі. Віцябляне ж правялі гэты адрэзак гульнявога часу перспектыўней – яны тройчы запальвалі чырвонае святло за брамай “армейцаў”.

У заключныя 20 хвілін гульні госці правялі адну выніковую атаку. На прапушчаную шайбу “бела-сінія” адказалі дзвюма. Трохі болей чым за дзве хвіліны да фінальнай сірэны варатар “Віцебска” Артур Лук’янаў (у апошні час ён рэдка бывае ў ролі запаснога) атрымаў магчымасць адпачыць на лаве запасных. Ягонае месца заняў Сяргей Домніч.

Хакей – камандная гульня, але будзе несправядліва, калі мы не адзначым у гэтай сустрэчы віцебскіх гульцоў Андрэя Арлюка і Дзяніса Тыднюка. На рахунку Андрэя у гэтым матчы – дзве шайбы і дзве галявыя перадачы. Дзяніс у свой актыў запісаў адну закінутую шайбу і тры перадачы.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць