Помнік ахвярам гета ў Віцебску ставяць ужо амаль 20 гадоў

Калі звярнуць ад Кіраўскага маста і крыху прайсці па набярэжнай Заходняй Дзвіны, то каля старога закінутага будынка на вуліцы Энгельса, 2, дзе калісьці размяшчаўся клуб металістаў, вы ўбачыце камень. А на ім – шыльду з надпісам: «Тут будзе устаноулены знак у памяць вязняў віцебскага гета – ахвяр фашысцкага генацыду у 1941-1944 г.». Камень і жалобныя вянкі на ім занесеныя снегам, з-пад белага снежнага покрыва на свет адзінока паглядае чырвоная кветка…

Надпіс на шыльдзе па-беларуску, але літара “ў” чамусьці адсутнічае. Аднак гэта дробязь. Бо калі ўсталёўвалі камень, лічылася, што гэта часовая з’ява, і зусім хутка тут паўстане сапраўдны помнік ахвярам генацыду. Камень-знак паставілі ў першай палове 1990-х. З таго часу прайшло ўжо амаль 20 гадоў (!). Роўна столькі часу віцебскія ўлады шукаюць грошы на помнік.

І сапраўды кажуць: няма нічога больш пастаяннага, чым часовае…

Даведка “ННВ”. Як раней паведамляла наша газета, будынак на Энгельса, 2 пабудаваны па праекце А. Васільева ў 1929 годзе як клуб металістаў. Яго глядзельная зала была разлічаная на 500 чалавек. Падчас акупацыі ён знаходзіўся на тэрыторыі гета. Будынак ацалеў падчас баёў за Віцебск у 1944 годзе. Пасля вяртання з эвакуацыі тут размясціўся тэатр імя Якуба Коласа.

З 1959 па 2006 гады ў будынку былога клуба металістаў працаваў Дом культуры Чыгуначнага раёна Віцебска. Пасля будынак быў закінуты і стаяў недагледжаны, нягледзячы на тое, што з’яўляецца гісторыка-культурным помнікам 3-й катэгорыі. Летась стала вядома, што сюды плануе пераехаць Беларускі тэатр “Лялька”. Але, бачна, гэта таксама няхуткая перпектыва - калі гэта здарыцца, у тэатры ніхто нічога пэўнага не ведае.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ